Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ
ФАКУЛЬТЭТ МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН
КАФЕДРА ГІСТОРЫІ І ТЭОРЫІ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА
Курсавая праца

Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі.
Выканала
студэнтка I курса, група 3
Клімовіч Т. Г.
Кіраўнік
Шылінская А. У., выкладчык
Мінск
2003
Змест.
I. Уводзіны.
II. Формы шлюбу, іх эвалюцыя. Рэгуляванне шлюбу і яго скасаванне. 1.Формы шлюбу паводле звычаёвага права. 2.Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічнным (царкоўным) правам. 3.Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве. 4.Пытанні спынення шлюбу ў царкоўным і свецкім заканадаўстве.
III. Прававое рэгуляванне маёмасных дачыненняў у сям’і. 1. Пасаг як маёмаснае забеспячэнне жанчыны. 2.Інстытут забеспячэння жанчыны– вена. 3.Спадчынныя дачыненні ў сям’і. 4. Апека як інстытут аховы сямейных інтарэсаў. 5.Асаблівасці юрысдыкцыі па шлюбна-сямейных правах.
IV. Заключэнне.
УВОДЗІНЫ.
Сям*я- бадай ледзьве ці не самы важны сацыяльны інстытут. У кожным грамадстве яна выконвае жыццева важныя функцыі і з*яўляецца найбольш прыстасаванай формай існавання чалавецтва. Працэсы, якія адбываюцца ў сям*і як структурным элеменце грамадства, у сукупнасці ўсебакова ўплываюць на сацыяльнае жыццё джяржавы і наадварот.
Тэма гэтай працы– пытанні фарміравання шлюбна-сямейнага права і заканадаўства XIVст. і характарыстыка гэтага элемента прававой сістэмы Вялікага княства Літоўскага.
Такі аб*ект даследавання абраны не выпакова. XIV-XVI стст. – той час, калі цалкам сфарміравалася прававая сістэма дзяржавы. Прычым працэс гэты адбываўся пад актыўным уплывам эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі, якая выначыла дынамізм праватворчасці і высокі навуковы узровень кадыфікацыі права, вынікам чаго сталіся Статуты 1529, 1566, 1588 гг.
Падчас распрацоўкі Статутаў прававая навука і практыка праз шматлікія намаганні стварылі заканадаўства, што ўвабрала ў сабе новыя , характэрныя эпосе Рэнесансу прынцыпы прыярытэт пісанага права, першынство закону. Абарона суверэнітэту і г. д. У Статутах знайшлі адлюстраванне ідэі гуманізму і талеранцыі, усталявання прававой дзяржавы.
ФОРМЫ ШЛЮБУ, ІХ ЭВАЛЮЦЫЯ.
РЭГУЛЯВАННЕ ШЛЮБУ І ЯГО СКАСАВАННЕ.
1.Формы шлюбу паводле звычаевага права.
Першы вядомы сёння ўспамін пра формы шлюбу ў славян паганскага часу сустракаецца ў Аповесці мінулых гадоў». Летапіс згадвае шлюбныя звычаі драўлян, радзімічаў ды іншых плямёнаў, змяшчае звесткі аб трох формах шлюбу крадзеж «каля вады», вывядзенне паводле папярэдняй змовы, прывядзенне нявесты ў дом жаніха.
Такія формы шлюбу, як крадзеж, купля жонкі, вядомыя ў гісторыі з часу ўзнікнення парнага шлюбу[1] у перыяд пераходу ад палігаміі да манагаміі..
На зямлі сучаснай Беларусі гэты этап супаў з прыняццем хрысціянства, пераходам ад паганскай культуры да хрысціянскай. Хрысціянства, шчыльна звязанае з інстытутам шлюбу і сям’і, у многім вызначыла яе якасныя характарыстыкі, пра што яскрава сведчаць вядомыя старажытныя статуты — Уладзіміра і Яраслава.
Інстытут шлюбу і сям’і паводле звычаёвага права беларусаў даследваўся ў працах М.Доўнар-Запольскага, М.Нікольскага, Я.Карскага ды іншых вучоных найперш у аспекце традыцыі..
Даследванні паказалі, што вясельная абраднасць у Беларусі пачынаецца з часоў першабытнага ладу і мае шэраг аналогій і паралеляў у абраднасці індаеўрапейскіх народаў[2]. Беларуская вясельная абраднасць, узнікшы ў старажытныя паганскія часы, захавала трывалыя рысы паганства, па сведчанні даследчыкаў, да XIX ст.[3].Трэба адзначыць, што за такі працяглы час яна значна змянілася,асабліва пад уплывам хрысціянства. Але ў першыя часы пасля прыняцця хрысціянства (X—XII стст.) формы шлюбу не зазналі істотных зменаў — вясельная абраднасць заставалася практычна аднолькавай для ўсіх пластоў насельніцтва.
3 XII ст. адзначаецца імкненне арыстакратыі да царкоўнай шлюбнай традыцыі, але большасць насельніцтва трымалася старажытных і паганскіх абрадаў.
У сямейным побыце захоўваліся традыцыі, што заўсёды суправаджалі чалавечае жыццё, — шлюбныя абрады, абрады нараджэння і пахавання. Шлюб у гэтым паслядоўным коле займаў цэнтральнае месца. Пераважная большасць апісанняў шлюбнай абраднасці датычыцца сельскай мясцовасці, жыцця сялянства. Нягледзячы на тое, што гарадское насельніцтва актыўна папаўнялася сельскім у перыяд свайго юрыдычнага афармлення (канец XIV—XVI ст.), у гарадскім побыце адзначаецца паступовае знікненне элементаў традыцыйнай сялянскай абраднасці.. Элементы старажытнага вясельнага цырыманіялу шырока выкарыстоўваліся хрысціянскай царквой. Хрысціянская сімволіка шлюбнага злучэння павінна была замяніць аналагічны інстытут паганскага асвячэння шлюбу, і паганская рэлігійнасць спрасціла гэтую задачу. У паганстве важную ролю пры злучэнні ў шлюб адыгрываў абрад крадзяжу «каля вады». Хрысціянская царква прыстасавала гэты элемент да сваёй традыцыі, прапанаваўшы замест яго царкоўнае вянчанне. Аднак яшчэ доўга пасля прыняцця хрысціянства гэты абрад замяняў царкоўнае вянчанне, што пацвярджае трываласць паганскай традыцыі..
Вясельны абрад як працэс можна раздзяліць на тры паслядоўныяі этапы падрыхтоўчы, вянчанне, вяселле. Першы, падрыхтоўчы, меў фармальна-бытавое значэнне. На гэтым этапе афармлялася пагадненне бакоў (змовіны), удакладняліся найважнейшыя матэрыяльныя аспекты будучай сямейнай суполкі, тэрміны, арганізацыйныя ўмовы вяселля, запрашэнне гасцей.
Падрыхтоўчы этап, як і астатнія, меў свой пэўны, вызначаны парадак. Для таго каб пагадненне было сапраўдным, захоўваліся звычаі і абрады, якія сімвалізавалі заручыны, тоесныя «вялікім запоінам». «Запоіны» падзяляліся на малыя і вялікія і пачыналіся звычаем «сугляд» — сватаннем, аглядам бакамі будучых мужа і жонкі ды іх блізкіх. Абрад «малыя запоіны» выконваўся пры атрыманні прынцыповай згоды бакоў і бацькоў нявесты. Скасаванне дамовы на гэтым этапе шлюбнага працэсу не мела ніякіх юрыдычных вынікаў. «Вялікія запоіны» ўяўлялі сабой абрад канчатковых змовін аб тэрмінах, умовах, парадку вяселля. Пад час змовін у доме нявесты, дзе збіраліся бацькі і родныя жаніха, вызначаліся пасаг і вена. Калі жаніх і нявеста былі розных хрысціянскіх веравызнанняў, то дамаўляліся аб веравызнанні будучых дзяцей[4]. Вынікі змовін афармляліся пісьмовым пагадненнем, падпісаным жаніхом і бацькам нявесты[5]. Калі ў нявесты не было бацькі, дамову, або змоўны ліст, падпісвалі маці і браты або апякун. У выпадку скасавання пагаднення пасля падпісання названай дамовы прадугледжваліся санкцыі ў выглядзе ўплаты зарукі– кампенсацыі шкоды пацярпеламу боку. У сувязі з юрыдычнай значнасцю змоўнага ліста існаваў асаблівы парадак яго афармлення. Ліст павінны быў замацоўвацца подпісамі і пячаткамі бакоў і сведак; гэтыя дакументы ўносіліся ў актавыя кнігі судоў[6].
Апошнім абрадам падрыхтоўчага этапу былі заручыны, у часе якіх адбывалася перадача пярсцёнкаў, што сімвалізавала згоду бакоў і іх бацькоў на шлюб і пераход улады над нявестай да яе будучага мужа. Нярэдка гэты абрад выконваўся пад час «вялікіх запоін» і падпісання змоўнага ліста.
Наступным этапам было вянчанне, якое ўзнікла з прыняццем хрысціянства. 3 цырымоніяй вянчання спалучаліся некаторыя паганскія абрады і звычаі, што суправаджалі ўступленне ў шлюб, напрыклад каравайны, згодна з якім жаніх браў у царкву каравай хлеба, бо ён лічыўся святым паганскім сімвалам шлюбнага паяднання. Існавалі і іншыя абрады, што суправаджалі ад’езд жаніха і нявесты ў царкву[7]. Усе яны былі традыцыйна магічнымі і сімвалізавалі ўрадлівасць і багацце, звязаныя з хатнім культам продкаў.
Царкоўнае вянчанне як этап шлюбнага абраду афармлялася на працягу стагоддзяў. У XIII—XVI стст. да царкоўнага вянчання ставіліся як да элемента падрыхтоўчага этапу. Таму звычайна яно ажыццяўлялася задоўга да вяселля, адначасова са змовінамі і заручынамі[8]. Гэтым царкоўнае вянчанне прыраўноўвалася да дамовы, забяспечанай грашовай зарукай.
Трэцім этапам вясельнай абраднасці было ўласна вясеяле. Змест яго вызначаўся колькасцю цырымоній, іх маляўнічасцю і значэннем. Пачаткам вяселля лічылася замешванне цеста для каравая (каравайны абрад), яго выпечка. У гэты момант адбываўся збор жаніховай дружыны і ад’езд па нявесту (мяркуецца, што ў аснове гэтай традыцыі ляжыць звычай выкрадання). «Пір вясёлы» пачынаўся спачатку ў нявесты, а затым працягваўся ў жаніха. Асноўны момант вяселля — абрад «злучэння маладых», што змацоўвае і аб’ядноўвае маладых на «доўгі век». Па сваёй важнасці ён адпавядаў пазнейшаму царкоўнаму вянчанню. Пасля «злучэння» нявеста лічылася жонкай, праводзіўся абрад расплятання і «выкупу касы», адзявання галаўнога ўбору замужняй жанчыны, затым — абрады «піру», «пасцельны» і падзелу каравая паміж усімі ўдзельнікамі «піру».
Апошнім абрадам, што завяршае вясельны цыкл, былі пярэзвы (апошняя вясельная размова) — элемент грамадавага побыту. «Пір» грамады пасля вяселля быў неабходны для забеспячэння поўнага ўдзелу «…у святарных дзеях усіх дворышчаў дадзенага родавага аб’яднання»[9].
Беларуская вясельная абраднасць ідзе сваімі каранямі да старажытнай паганскай эпохі, да матрыярхату і сімвалізуе такія асноўныя формы шлюбу, як выкраданне і купля[10]. Шлюб у форме куплі ўяўляў сабой па сутнасці шлюб па згодзе, а выкраданне, якому папярэднічала змова маладых, было распаўсюджанае аж да XVI—XVII стст. і сустракалася нават у XIX ст.[11]. У хрысціянскую эпоху выкраданне нявесты звычайна замацоўвалася царкоўным вянчаннем. У сувязі з тым што шлюбныя дачыненні рэгуляваліся не толькі звычаёвым правам і свецкім заканадаўствам, але ў большай ступені кананічным (царкоўным) правам, неабходна разгледзець асноўныя палажэнні хрысціянскага вучэння аб царкоўным шлюбе.
2.Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам.
Хрысцінская царква, паводле Евангелля ад Мацвея[12] ды іншых крыніц, аддае ў ідэале перавагу бясшлюбнаму жыццю (для слугавання Госпаду). Прызнаючы бясшлюбнасць вышэйшай за шлюб, яна разглядала апошні як неабходную ўступку чалавечай слабасці і ў сваім маральным вучэнні прызнавала шлюб неабходным і трывалым звязам, прапагандуючы яго непарушнасць. У пачатковы перыяд усталявання хрысціянства з прычыны супярэчнасцяў паміж хрысціянскім вучэннем і звычаямі свецкага грамадства царква не вызначыла свайго стаўлення да факта скасавання шлюбу, што пазней спрычынілася да ўзнікнення розных падыходаў да гэтай праблемы ва ўсходняй і заходняй царкве.
Пад уплывам канцэпцыі свецкага заканадаўства, найперш рымскага права, фарміравалася хрысціянская канцэпцыя скасавання шлюбу і адпаведнае царкоўнае заканадаўства. 3 сярэдзіны IX ст., калі рымскі папа і галава ўсходняга хрысціянства імператар Леў Мудры ўзаконілі царкоўнае вянчанне, гэты акт лічыўся царквою пачаткам шлюбу. Царква прыняла рымскае азначэнне шлюбу. У Кормчую і ўсе кананічныя грамадзянскія зборнікі было ўнесена азначэнне шлюбу, якое дадзена вядомым рымскім юрыстам Мадэстынам і ўвайшло ў Дыгесты Юстыніяна, адкуль было запазычана царквой. «Шлюб ёсць хаўрусам мужа і жонкі, супольнасцю ўсяго жыцця, з’яднаннем боскага і чалавечага права»[13].
3 гледзішча рымскіх юрыстаў, шлюб паводле сваёй сутнасці мае агульны характар з іншымі юрыдычнымі дачыненнямі, заснаванымі на ўзаемна выражанай волі, гэта значыць на дамове, але паводле свайго прадмета і мэты адрозніваецца ад усіх іншых пагадненняў, бо накіраваны не на дзеянні і правы, што маюць рэчавую або грашовую вартасць, а на дачыненні, вызначаныя бестэрміновай дамовай. Менавіта наяўнасць грамадзянскіх элементаў у шлюбным звязе вызначыць у далейшым падзел юрысдыкцыі паміж свецкай і канфесійнай уладай.
Царква вызначыла наступныя этапы працэсу злучэння ў шлюб заручыны, складанне пісьмовага кантракта — змоўнага ліста, прыняцце блаславення ў храме і заключны этап — надзяванне вянцоў маладымі (вянчанне)[14].
Гэтыя цырымоніі да сярэдзіны XVI ст. былі не абавязковыя, асабліва ў асяроддзі простых людзей, таму што Леў Мудры ў IX ст. зацвердзіў вянчанне толькі свабодным, шлюбныя дачыненні несвабоднага насельніцтва рэгуляваліся звычаямі. 3 часам пашыралася меркаванне пра неабходнасць царкоўнага вянчання, і ў 1563 г. Трыдэнцкі сабор вынес пастанову пра абавязковасць царкоўнага вянчання як умову законнасці шлюбу.
Галоўным момантам злучэння ў шлюб была ўзаемная згода жаніха і нявесты, а таксама родных або асобаў, якія іх замяняюць. «Не можа быць учынены шлюб інакш як па згодзе ўсіх, г.зн. тых, хто ўступае ў шлюб і ў чыёй уладзе яны знаходзяцца»[15]. Згода бакоў была галоўнай умовай сапраўднасці шлюбу, яе парушэнне мела вынікам несапраўднасць шлюбу. На сапраўднасць шлюбу ўплывалі ўзрост, знаходжанне ў шлюбе з іншай асобай, роднасць кроўная, духоўная і цывільная (грамадзянская), сваяцтва, веравызнанне, учыненне злачынства супраць шлюбу.
Заходняя і ўсходняя царква па-рознаму ставіліся да царкоўнага вянчання. Заходняя, больш звязаная з нормамі рымскага права, лічыла гэты акт толькі ўмовай надання шлюбу публічнасці. Адсюль вынікала пасіўная роля святара ў момант вянчання і прызнанне царквой таемнага шлюбу, паколькі сутнасцю шлюбу, асновай яго сапраўднасці была згода бакоў. У далейшым рымская царква стала забараняць таемны шлюб, бо немагчыма было даказаць наяўнасць шлюбу паміж асобамі, калі адна з іх адмаўляла яго. Пры гэтым царква імкнулася ў першую чаргу надаць шлюбу публічнасць. Сапраўдным лічыўся шлюб, калі згода жаніха і нявесты заяўлена перад святаром або перад натарыусам. Да XIII ст. роля святара палягала толькі ў блаславенні і малітве, пазней ён стаў ажыццяўляць перадачу нявесты жаніху ў імя Бога і абвяшчаць жаніха і нявесту мужам і жонкай.
Трыдэнцкі сабор пастановамі 1561—1563 гг. больш строга рэгламентаваў працэс шлюбавання. Сабор выпрацаваў законную форму ўступлення ў шлюб, ад якой ужо поўнасцю залежала яго сапраўднасць. Было пастаноўлена, што законнае шлюбаванне павінна адбывацца ў царкве пры заяўленні бакамі згоды на шлюб у прысутнасці прыходскага святара і двух сведак. У Вялікім княстве пастановы Трыдэнцкага сабора былі ўведзеныя ў 1577 г.
Усходняя царква (падзел хрысціянства адбыўся ў 1054 г.) інакш трактавала абрад царкоўнага вянчання. Таемствам прызнаваўся абрад царкоўнага вянчання, царкоўны сакрамент, а не сам шлюб. 3 гэтага вынікала актыўная роля святара ў абрадзе вянчання і непрызнанне сапраўднымі таемных шлюбаў з прычыны таго, што яны адбываліся без удзелу святара. Судовая практыка ў княстве сведчыць пра наданне вянчанню ў XVI ст. важнага юрыдычнага значэння.
Вянчанне ў спрэчных выпадках было падставай вынясення дэкрэтаў па справах не толькі пра асабістыя, але і пра маёмасныя правы. Нават да пастановаў Трыдэнцкага сабора ў першай палове XVI ст. вянчанне было абавязковай падставай законнасці паходжання і правоў спадчыннікаў для ўсіх станаў. Пра гэта сведчыць судовая справа 1528 г.[16]
Наступнай умовай сапраўднасці шлюбу, з гледзішча хрысціянскай царквы, ёсць узрост, бо ён вызначаў фізічную і духоўную здольнасць да шлюбу. Усходняя царква вызначыла шлюбны ўзрост для мужчын 15 гадоў, для жанчын — 12, заходняя — адпаведна 14 і 12 гадоў.
Важнай умовай сапраўднасці шлюбу была свабода ад пэўнага становішча. Такім становішчам, напрыклад, лічылася наяўнасць шлюбу з іншай асобай. Другі шлюб, узяты пры існаванні першага, лічыўся несапраўдным ад самага пачатку.
Кананічнае права разглядала знаходжанне ў шлюбе як перашкоду (юрыдычную і Боскую) і распаўсюджвала гэта на ўсе веравызнанні, дапускаючы магчымасць другога шлюбу толькі па смерці першага сужэнца. Таксама рэгламентавалася колькасць паслядоўных шлюбаў. Заходняя царква ўступленне ў трэці шлюб строга абмяжоўвала пэўнымі ўмовамі (узрост, наяўнасць дзяцей і г.д.). Усходняя царква трэці шлюб дазваляла без абмежаванняў, а чацверты забараняўся і ёю. Расійская праваслаўная царква далучала да агульнай колькасці шлюбаў і тыя, што былі прызнаныя несапраўднымі.
Адна з найважнейшых умоваў сапраўднасці шлюбу — адсутнасць блізкай кроўнай роднасці. Усходняя царква дазваляла ўступленне ў шлюб у чацвертай ступені роднасці (прыняты рымскі лік), заходняя — у чацвертым пакаленні (германскі лік), у Вялікім княстве быў прыняты германскі лік[17].
3 паняцця пра шлюб як хаўрус, што аб’ядноўвае мужа і жонку, выводзілася паняцце сваяцтва, пад якім разумеліся дачыненні, аналагічныя роднасці, у якія ўступаюць сужэнцы і іх блізкія паміж сабой. Заходняя царква прызнала сваяцтва паміж мужам (жонкай) і блізкімі жонкі (мужа), а ўсходняя — паміж усімі роднымі мужа і жонкі. Хрысціянства прыраўняла сваяцтва да кроўнай роднасці і прызнала яго перашкодаю да шлюбу. Акрамя сваяцтва існавала паняцце духоўнай роднасці (узнікала пры сакраменце хрышчэння). Духоўная роднасць лічылася цяжкай перашкодаю да шлюбу, бо царква прызнавала яе вышэйшай за кроўную, і шлюбы былі забароненыя да сёмай ступені роднасці ўключна. Цывільная роднасць — усынаўленне (удачарэнне) — разглядалася, як і духоўная роднасць, у якасці перашкоды да шлюбу. Рабіла шлюб несапраўдным учыненне злачынства супроць шлюбу, перадусім кваліфікаваны пералюб.
3 азначэння шлюбу як духоўнай і рэлігійнай роднасці вынікала ўмова адзінства рэлігіі асобаў, якія ўступаюць у шлюб. Усходняя царква дазваляла злучацца ў шлюб з хрысціянінам іншага веравызнання пры ўмове прыняцця ім праваслаўя. Несапраўднымі прызнаваліся шлюбы з нехрысціянамі, раскольнікамі, евангелістамі, паганцамі.. Перашкодаю да шлюбу лічыліся духоўны сан і манаства, з выняткам ніжэйшых духоўных пасадаў. Калі пералічаныя ўмовы сапраўднасці шлюбу не былі выкананыя, ён ад самага пачатку прызнаваўся несапраўдным.
Наступная катэгорыя ўмоваў перашкаджала шлюбаванню, але не мела вынікам прызнанне шлюбу несапраўдным. Гэта адсутнасць згоды бацькоў або апекуноў і апекавальнікаў, наяўнасць пэўных няблізкіх ступеняў роднасці і сваяцтва, забароненае для шлюбавання месца або час, некампетэнтнасць святара, які вянчаў, няведанне бакамі сімвалаў веры, незахаванне жалобнага тэрміну пасля смерці мужа (жонкі). Пры раскрыцці гэтых умоваў шлюб заставаўся ў сіле, але меў вынікам царкоўнае пакаранне бакоў і духоўных асобаў, якія садзейнічалі такому шлюбу.
Патрабаванне захавання мноства ўмоваў сапраўднасці шлюбу непазбежна вяло да ўзнікнення інстытута вызвалення ад перашкод да шлюбу — дыспензацыйнага права. Гэты інстытут атрымаў шырокае развіццё ў кананічным праве заходняй царквы. Дыспензацыі найвышэйшай царкоўнай улады падлягалі ўсялякія перашкоды да шлюбу, з выняткам перашкод прыватна-прававога характару і стану асобы. Царква не магла сваім актам дапоўніць або выправіць недахоп волі або спыніць вядомы стан, напрыклад псіхічную хваробу, роднасць і сваяцтва па простай лініі, забойства мужа (жонкі), звязанае з пералюбам, і інш. Для дыспензацыі прымаліся самыя розныя падставы прымірэнне варагуючых сем’яў, немагчымасць для ўдавы іншым спосабам выхаваць асірацелых дзяцей і г.д. Дыспензацыя дазваляла недапушчальны паводле царкоўнага права шлюб або надавала сілу несапраўднаму шлюбу з моманту дыспензацыі.
Першымі вядомымі сведчаннямі царкоўнай юрысдыкцыі ў Кіеўскай мітраполіі былі Статуты Уладзіміра—Яраслава, што рэгулявалі шлюбна-сямейныя дачыненні пасля прыняцця хрысціянства і вызначалі кампетэнцыю царквы ў жыцці цывільнага грамадства.
Статут Яраслава (у Вялікім княстве — «Скрутак Яраслаўля»), які рэгуляваў шлюбна-сямейныя дачыненні, не страціў свайго значэння да XVI—XVII стст. і не раз пацвярджаўся манархамі Вялікага княства Літоўскага[18].
3 аналізу пашыранай рэдакцыі Статута Яраслава і «Скрутка Яраслаўля» вынікае, што галоўнымі ўмовамі сапраўднасці шлюбу былі свабода волевыяўлення і свабода ад пэўнага стану ад знаходжання ў шлюбе[19], у сваяцтве[20], прыналежнасці да іншага веравызнання[21]. Несапраўднымі прызнаваліся таксама шлюбы, звязаныя з гвалтам, выкраданнем без згоды бакоў[22]. У Статуце змяшчаецца норма аб адказнасці бацькоў перад публічнай уладай за прымус да шлюбу, калі ён спрычыніўся да трагічнага выпадку[23].
Аналіз Статута Яраслава пацвярджае, што царква ўсяляк імкнулася ўмацаваць шлюб, якую б форму ён ні меў, забараняючы скасаванне нават нецаркоўнага (нявенчанага) шлюбу[24]. Статут прадугледжваў адказнасць за парушэнне змовы аб шлюбе[25].
Статут Яраслава і «Скрутак Яраслаўля», падкрэсліваючы блізкасць каталіцкай і праваслаўнай царквы, дазвалялі шлюбы і сувязі паміж праваслаўнымі і каталікамі.. Гэта было асабліва важна для насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Забароне падлягалі сувязі і шлюбы з прадстаўнікамі іншых рэлігій [26], паганцамі[27], адлучанымі ад царквы [28].
Рэгуляванне дачыненняў паміж прадстаўнікамі розных цэркваў уваходзіла ў кампетэнцыю свецкай улады. Такі парадак усталяваўся даўно і знайшоў адлюстраванне яшчэ ў дамовах Яраслава Уладзіміравіча з немцамі 1189—1229 гг., згодна з якімі ў гэтых выпадках прадугледжвалася юрысдыкцыя князя[29]. Паводле «Скрутка Яраслаўля» пытанні ўзаемадачыненняў царквы і свецкай улады часцей развязваліся на карысць царквы. Падкрэслівалася, што свецкая ўлада ў асобе дзяржаўных чыноўнікаў, мясцовай адміністрацыі не павінна ўмешвацца ў юрысдыкцыю царквы, але падтрымліваць стабільнасць ва ўзаемадачыненнях цэркваў. Але ў актах сустракаецца шмат сведчанняў умяшання свецкай улады ў шлюбныя справы насельніцтва феадальнай Беларусі. Шлюб як адзін з важных інстытутаў грамадства рэгуляваўся і свецкім заканадаўствам.
3. Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве.
Першы агульназемскі Прывілей ад 20 лютага 1387 г. надае дочкам і ўдовам баярскага стану права свабоднага ўступлення ў шлюб. Гэтае права, падараванае вялікім князем, мела палітычную і эканамічную аснову. У Вялікім Княстве манарх традыцыйна быў уласнікам усёй дзяржаўнай тэрыторыі, таму асобнае феадальнае ўладанне разглядалася менавіта як уладанне (а не ўласнасць) на правах службы вялікаму князю. Манарх як найвышэйшы ўласнік рэгуляваў уладанні феадалаў шляхам надзялення іх зямельнымі ўладаннямі і перадачы апошніх па спадчыне. Так узнікла права вялікага князя праз шлюбы кантраляваць пазямельнае ўладанне феадалаў, паводле якога (права) ўдовы або дочкі фактычна пазбаўляліся феадальнага ўладання.
Асноўнай прычынай умяшання манарха ў інстытут шлюбу было існаванне звычаю пераходу зямельных уладанняў, з якіх ішла вайсковая служба, у рукі дачок як спадкаемак. Атрыманне па Прывілеі 1387 г. права свабоднага злучэння ў шлюб, гэта значыць без дазволу і прымусу гаспадара, было сведчаннем пераходу часткі ўлады вялікага князя да шляхоцкага стану. У гэтым жа прывілеі замацавана імкненне найвышэйшай улады распаўсюдзіць у дзяржаве каталіцтва. У прыватнасці, указвалася, што правы і вольнасці, якія даруюцца, у тым ліку і права свабоднага ўступлення ў шлюб, распаўсюджваюцца толькі на каталікоў.
У Прывілеі ад 22 лютага 1387 г. падкрэслівалася, што дзеля пашырэння каталіцкай веры ў нашым гаспадарстве забараняюцца шлюбы каталікоў з праваслаўнымі да таго часу, пакуль праваслаўныя не прымуць каталіцтва. У выпадку парушэння гэтай забароны праваслаўнаму сужэнцу прызначалася фізічнае пакаранне, пасля чаго шлюб прызнаваўся сапраўдным. У далейшым інстытут шлюбу для асобаў хрысціянскага веравызнання абедзвюх канфесій не зазнала якіх-небудзь імператыўна-забараняльных рэгламентацый і гэтая норма прывілею сталася нежыццяздольнай. Права свабоды на шлюб пацвярджалася ў Прывілеях 1447 і 1492 гг.
Пашырэнне рэгулявання шлюбных дачыненняў адзначаецца ў Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг.
Першы Статут рэгуляваў абмежаваную колькасць шлюбных дачыненняў пацвярджаў прынцып свабоды выхаду замуж, права жанчын на свабоднае волевыяўленне на шлюб незалежна ад стану [30] і ўскосна прызнаваў сапраўднасць нават чацвертага шлюбу (што супярэчыла пазіцыі царквы), бо дзеці ад яго прызнаваліся раўнапраўнымі спадчыннікамі бацькі[31]. Вызначаўся шлюбны ўзрост для мужчын — 18 гадоў, для жанчын — 15.
Паводле Статута 1529 г. шлюб з нявольнікам або нявольніцай мог панізіць стан аднаго з сужэнцаў. У такім разе лічылася, што чалавек сам сябе аддаў у рабства, узяўшы шлюб з такой асобаю. Дзеці ад гэтага шлюбу прызнаваліся нявольнікамі. Такім чынам, шлюб з нявольнікам лічыўся такой жа крыніцай рабства, як палон, нараджэнне ад нявольных бацькоў, асуджэнне да смяротнай кары за злачынства і замена яе нявольніцтвам з просьбы асуджанага[32].
Другі Статут рэгуляваў шырэйшае кола шлюбных дачыненняў, у прыватнасці парадак злучэння ў шлюб. Развіваючы норму аб свабодным волевыяўленні на шлюб, Статут 1566 г. прадугледжваў суровыя санкцыі за прымус жанчыны да шлюбу за «кгвалтовное взятие в жены» прызначалася смяротная кара [33]. Але свабода волевыяўлення нявесты па-ранейшаму абмяжоўвалася згодай бацькоў і апекуноў[34]. Пры гэтым былі вызначаны маёмасныя санкцыі ў дачыненні да нявесты, якая выходзіла замуж без згоды бацькоў або апекуноў, — яна пазбаўлялася пасагу і страчвала права на спадчыну.
Нягледзячы на зацвярджэнне прынцыпу свабоды волевыяўлення бакоў у свецкім заканадаўстве, у XVI ст. яшчэ адзначаліся выпадкі змовы шлюбу бацькамі малалетніх, што супярэчыла прынцыпу свабоды на шлюб. Такая шлюбная дамова на выпадак яе парушэння забяспечвалася значнай зарукай на карысць пацярпелага боку, якому пазней адмовілі ў гэтай змове, і вялікага князя. Часам такая дамова пацвярджалася царкоўным вянчаннем малалетніх[35].
У выпадку парушэння змовы справа паступала ў свецкі суд, які мог вызваляць ад абавязкаў, што вынікалі са змовы, або прысуджаць заруку[36]. Суд мог прымусіць выканаць дамову толькі ў частцы выплаты зарукі пацярпеламу боку і пакрыцця стратаў, панесеных на падрыхтоўку да вяселля. У астатнім прымусіць выканаці. дамову было немагчыма, бо гэта было б парушэннем асноўнага прынцыпу шлюбу — свабоды волевыяўлення абодвух бакоў. Пацярпелы бок мог звяртацца проста да вялікага князя, які выдаваў «напамінальны ліст» з указаннем выканаць дамову або выплаціць заруку. Паводле матэрыялаў судоў можна зрабіць выснову, што вялікакняскія лісты не мелі характару абавязковага ўздзеяння, бо такія спрэчкі часта канчаліся замірэннем і згодай бакоў, якія ўступалі ў шлюб кожны па сваім выбары. Статут 1566 г. вызначыў аднолькавы шлюбны ўзрост для мужчын і жанчын — 15 гадоў[37].
Аналіз шлюбных дачыненняў, якія рэгуляваліся Статутам Вялікага княства Літоўскага 1566 г., сведчыць, што да сярэдзіны XVI ст. пашырыліся правы суб’екта ва ўсіх цывільных узаемадачыненнях, у тым ліку і ў шлюбных. Свабоднае волевыяўленне асобаў, якія злучаюцца ў шлюб, — галоўны прынцып яго законнасці — захоўвалася даволі паслядоўна, што адлюстроўвала свецкае заканадаўства.
Статут Вялікага Княства 1588 г. яшчэ паўней рэгуляваў шлюбныя дачыненні. Упершыню свецкім заканадаўствам былі вызначаны галоўныя ўмовы сапраўднага шлюбу адсутнасць кроўнай роднасці да чацвертага пакалення ўлучна і сваяцтва да трэцяга пакалення ўлучна[38]. Пры незахаванні гэтых умоваў закону муж і жонка павінны быць неадкладна «разлучоны». Далейшыя санкцыі залежалі ад вінаватасці бакоў, якія ўзялі шлюб. Калі шлюб быў узяты ў роднасці, але бакі пра гэта не ведалі, то пасля яго скасавання да іх не ўжываліся маёмасныя ці іншыя санкцыі, а дзеці прызнаваліся законнымі і мелі права на спадчыну. Былыя муж і жонка маглі ажаніцца (выйсці замуж) з дазволу духоўнага суда.
Калі ж бакі ведалі пра сваю роднасць пры ўступленні ў шлюб, дык пасля яго анулявання кожны бок пазбаўляўся паловы сваёй уласнасці на карысць дзяржавы, дзеці ад шлюбу прызнаваліся бенкартамі (незаконнанароджанымі) і не атрымлівалі спадчыны. Другая палова маёмасці паступала ў пажыццёвае карыстанне кожнага з бакоў у выпадку, калі не было дзяцей ад першага законнага шлюбу.
Калі такія дзеці былі, ім пераходзілі правы на распараджэнне маёмасцю, а бакі мелі права толькі на ўтрыманне і распараджэнне маёмасцю адпаведна іх грамадскаму становішчу. Пры гэтым мужчыны пазбаўляліся права займаць важныя дзяржаўныя пасады.
Акрамя названых асноўных палажэнняў трэці Статут замацаваў яшчэ адну ўмову сапраўднасці шлюбу — свабоду ад пэўнага становішча. Такім становішчам, якое не дапускае ўступлення ў шлюб, ёсць ужо існы шлюб[39]. Строга ахоўваючы манагамнасць шлюбу, закон прадугледзеў, што за ўступленне ў другі шлюб пры вядомым існаванні першага караюцца смерцю абодва сужэнцы-парушальнікі[40]. Тым сама дзяржава імкнулася замацаваць асноўныя прынцыпы шлюбна-сямейнага права, пазычаючы палажэнні кананічнага права ды іншых сістэм.
Статутам 1588 г. часткова ўрэгуляваныя таксама іншыя шлюбныя дачыненні, у тым ліку і свабоднае волевыяўленне бакоў на шлюб. 3 аналізу нормаў вынікае, што згода бацькоў або апекуноў была патрабаваннем, што ахоўвала інтарэсы нявесты, але не рэгулявала шлюбныя дачыненні. Гэты прынцып пацвярджаецца прававой трактоўкай вынікаў уступлення ў шлюб без згоды бацькоў, дзе прадугледжваліся маёмасныя санкцыі да нявесты, але такі шлюб прызнаваўся сапраўдным і заставаўся ў моцы[41]. Права бацькоў або апекуноў даваць згоду на шлюб не магло тлумачыцца як права на прымус у выпадку адмовы апекуноў (бацькоў) даць згоду нявеста, калі яна мела неабходны шлюбны ўзрост, магла звярнуцца па дазвол у дзяржаўныя органы. Права нявесты на зварот да дзяржавы дзеля абароны сваіх інтарэсаў замацавана ў законе ў сувязі з тым, што забарона апекуноў на шлюб часта выкарыстоўвалася імі з карыслівымі мэтамі працягу апекі ды інш.[42]. Такім чынам, інстытут бацькоўскай улады (або той, што замяняў яе) разглядаўся ў праве як інстытут, што ахоўваў інтарэсы дзяцей.
Неабходна падкрэсліць, што Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг. змяшчалі толькі асноўныя прынцыпы, нормы шлюбнага права, у астатнім адсылаючы да рэгулявання кананічным (царкоўным) заканадаўствам. У сувязі з тым што ў дачыненні да шлюбу дзеяздольнасць вызначалася шлюбным узростам, Статуты замацавалі гэты важны момант наступным чынам Статут 1529 г.вызначыў 15 гадоў для дзяўчыны і 18 гадоў для юнака[43], Статут 1566 г. — 15 гадоў для асобаў абодвух полаў[44], Статут 1588 г. — 13 гадоў для дзяўчыны і 18 гадоў для юнака[45].
3 выкладзенага вынікае, што свецкае заканадаўства трымалася царкоўнага падыходу да шлюбу, пазычаючы нормы кананічнага права і перадаючы рэгуляванне шлюбных дачыненняў царкоўнаму суду[46]. Але багаты матэрыял судовай практыкі не дазваляе зрабіць адназначную выснову па гэтым пытанні.
Паводле кананічнага права абрад царкоўнага вянчання лічыўся асноўным і сімвалізаваў падзею шлюбу. Практыка сведчыць, што царкоўнае вянчанне праводзілася задоўга да вяселля, адначасова са змовінамі і заручынамі[47]. Тым сама яно прыраўноўвалася да дамовы, забяспечанай грашовай зарукай. Змовіны мелі вырашальнае значэнне для шлюбу і фармавання матэрыяльнай асновы сям’і. На практыцы юрыдычна значнымі прызнаваліся дзве падзеі змовіны і вяселле, якія ў сапраўднасці мелі функцыі падрыхтоўкі і злучэння ў шлюб, надання яму публічнасці, рэлігійнага асвячэння шлюбу праз розныя рытуалы з «скокамі, гудзеннем, плясканнем» ды іншымі паганскімі дзеяннямі.. 3 судовых матэрыялаў вынікае, што пры злучэнні ў шлюб не заўсёды высвятлялася наяўнасць адной з галоўных перашкод да шлюбу паводле кананічнага права — духоўнай роднасці[48].
Такім чынам, заканадаўству, якое замацоўвала царкоўны падыход да шлюбу, пярэчыла практыка, што расцэньвалася дзяржавай як правамерная. Як адзначыў А. Лявіцкі, «несумнеўны абавязак народных абрадаў і іх юрыдычная сіла прызнаваліся ўсімі класамі тагачаснага грамадства, і з гэтым фактам вымушана было да вядомай ступені лічыцца і дзяржаўнае права, якое ўвогуле падзяляла царкоўны погляд на шлюб»[49]. Гэтым тлумачыцца прызнанне нявенчанага шлюбу сапраўдным насуперак закону, які лічыў такі шлюб незаконным, а дзяцей ад яго бенкартамі з усімі адпаведнымі вынікамі.. Гэтакія нормы змяшчалі Статут 1529 г.[50] і Статут 1588 г. [51]Тым часам норма пра даказванне шляхоцтва не патрабавала наяўнасці пасведчання царкоўнага шлюбу бацькоў[52]. У сярэдзіне XVI ст. каталіцкая царква на Трыдэнцкім саборы 1561—1563 гг. пастанавіла ўвесці метрыкі рэгістрацыі нараджэння. Гэтая акалічнасць павінна была ўсталяваць залежнасць паміж вянчаннем у царкве, законнасцю шлюбу і законным паходжаннем дзяцей, каб нормы кананічнага шлюбнага права дзейнічалі ў грамадстве без выняткаў. Як вынікае з актаў, існавала супярэчнасць паміж імкненнем свецкай (і царкоўнай) улады ўвесці выкананне кананічных правіл у шлюбе і відавочным ігнараваннем з боку грамадства царкоўных законаў
4. Пытанні спынення шлюбу ў царкоўным і свецкім заканадаўствею
Спыненне шлюбу рэгулявалася як кананічным, так і свецкім правам. Паводле кананічнага права шлюб спыняўся з наступных прычын 1) фізічнай смерці аднаго ці абодвух сужэнцаў, 2) прызнання шлюбу несапраўдным, 3) скасавання шлюбу.
Шлюб прызнаваўся несапраўдным пры раскрыцці факта, што ў момант уступлення ў шлюб існавалі вызначаныя законам перашкоды. Гэтыя акалічнасці падрабязна разгледжаны вышэй пры апісанні ўмоваў уступлення ў шлюб.
Скасаванне шлюбу праваслаўнай царквой дапускалася толькі ў сувязі са строга вызначанымі прычынамі.. Каталіцкая царква наагул не прымала самой ідэі скасавання шлюбу, але павялічвала колькасць перашкод да яго, незахаванне якіх вяло да прызнання шлюбу несапраўдным.
У практыцы царквы існаваў звычай, згодна з якім кожны святар мог даць мужу або жонцы «разводны» ліст. Падставамі скасавання шлюбу былі 1) пералюб, 2) няздольнасць да сужэнцкага жыцця, 3) адсутнасць без вестак мужа (жонкі), 4) судовы прыгавор, паводле якога асоба абвяшчалася дзяржаўным злачынцам, або вываланцам, 5) выбранне епіскапам, 6) двухбаковае жаданне мужа і жонкі ўступіць у манаства, 7) удзел у сакраменце хрышчэння (і на гэтай падставе ўстанаўленне духоўнай роднасці), 8) нежаданне мужа ці жонкі — нехрысціян жыць у шлюбе з асобай, якая прыняла хрысціянства, і наадварот.
3 палажэнняў Евангелля ад Мацвея вынікае магчымасць скасавання шлюбу пры жыцці мужа і жонкі ў сэнсе разлучэння (сепарацыі), гэта значыць «адлучэння ад стала і ложа», без права ўступлення ў новы шлюб. Разлучэнне дапускалася з наступных прычын пералюб, замах на жыццё сужэнца, інфекцыйная хвароба, згода бакоў на ўступленне ў манаства, нежаданне сужэнца жыць з асобай нехрысціянскага веравызнання, аднабаковае жаданне яго ўступіць у манаства з прычыны папскага дыспенза[53]. Сепарацыя атрымала развіццё ў праве заходняй царквы, якая прызнавала непарыўнасць шлюбу.
Інстытут скасавання шлюбу шырока ўжываўся ў праве ўсходняй царквы, у сувязі з чым быў дастаткова развіты.
Асноўнай падставай да скасавання шлюбу паводле Кормчай і канона ўсёй усходняй царквы прызнаваўся пералюб[54]. Царкоўная практыка па-рознаму вызначала пералюб мужа і жонкі.. Муж лічыўся пералюбнікам толькі тады, калі меў інтымную сувязь з замужняй жанчынай ці ўступаў у новы шлюб, не скасаваўшы папярэдняга. Жонка прызнавалася пералюбніцай у кожным выпадку ўступлення ў сувязь з мужчынам незалежна ад таго, жанаты ён ці не. Такім чынам, права патрабаваць вернасці ў шлюбе належала ў асноўным мужчыне. Муж юрыдычна быў вінаваты не перад сваёй жонкай, а перад іншым мужам. Сувязь жанатага мужчыны з незамужняй жанчынай магла асуджацца толькі з гледзішча маралі.. Пры пералюбстве жонкі муж не толькі меў права, але і павінны быў скасаваць шлюб, бо пералюб лічыўся публічным злачынствам, права на пераслед і пакаранне за якое належала публічнай уладзе.
Каб скасаваць шлюб з прычыны пералюбу аднаго з сужэнцаў, неабходна была наяўнасць некалькіх умоваў даказанасць факта пералюбства, свядомае ўчыненне яго, знаходжанне пералюбніка ў шлюбе. Акрамя таго, пералюб не мог быць падставай для скасавання шлюбу, калі 1) спазывальнік сам вінаваты ў пералюбстве, 2) спазывальнік прабачыў вінаватаму боку, 3) прапушчаны працэсуальныя тэрміны (шэсць месяцаў). Гэтыя ўмовы не перайшлі ў Кормчую, але выкарыстоўваліся ў Беларусі царквой[55].
Прыналежнасць да розных веравызнанняў была адной з падставаў для скасавання шлюбу. Але гэтая падстава, відаць, часта ігнаравалася. Пра гэта сведчыць акруговая вялікакняская грамата за 7 снежня 1548 г. аб забароне ўступаць у шлюб і сужыцце з іншаверцамі..
Падставай да скасавання шлюбу, але не прычынай гэтага, была дзяржаўная здрада. У Беларусі гэтая падстава, верагодна, была дзейнай, бо ўсе тры Статуты гавораць пра жонку здрадніка і вываланца як пра ўдаву, а пра дзяцей — як пра сіротаў[56].
Пры няздольнасці да сужэнцкага жыцця, як адзначана ў Кормчай, «скасоўваецца шлюб з прычыны неабходнай і разумнай»[57]. Права на скасаванне шлюбу ў дадзеным выпадку давалася жонкам, калі з моманту жаніцьбы прайшло не менш за тры гады. Пра тое, што гэтая падстава ўлічвалася ў гарадах Беларусі, сведчаць судовыя кнігі магістратаў[58].
Адсутнасць без вестак аднаго з сужэнцаў — падстава да скасавання шлюбу пры верагоднасці дапушчэння пра яго смерць[59]. Ёю шырока карысталіся ў княстве[60]. Блізкая да названай яшчэ адна падстава — узяцце ў палон[61].
Хвароба сужэнца была падставай для скасавання шлюбу ў асаблівых выпадках. Яна прызнавалася як усходняй, так і заходняй царквой і хоць не ўвайшла ў Кормчую, але прадугледжвалася Статутам Яраслава. А. Загароўскі меркаваў, што скасаванне шлюбу з прычыны хваробы магчыма было толькі пры ўзаемнай згодзе бакоў.
Шматслоўная рэдакцыя Статута Яраслава змяшчала «кодэкс скасаванняў шлюбу»[62]. Асобны раздзел прысвечаны прычынам, якія не маглі быць падставай для скасавання шлюбу, што звязана не толькі з умацаваннем інстытута шлюбу, але і з маральным вучэннем царквы.
Царкоўная мараль у XVI ст. па-ранейшаму ў асобных момантах разыходзілася з традыцыямі і звычаямі грамадства. Пра гэта дастаткова пераканаўча сведчаць практыка, акты земскіх, гродскіх і магістрацкіх судоў.
У свецкім заканадаўстве дачыненні аб скасаванні шлюбу рэгуляваліся Статутамі Вялікага Княства. Статут 1588 г. упершыню рэгуляваў шлюбна-сямейныя дачыненні пры скасаванні шлюбу мужам і жонкай, тым часам як папярэдні Статут толькі згадваў пра скасаванне шлюбу як форму яго спынення. У артыкуле 22 раздзела V трэцяга Статута змяшчалася не адна, а мноства нормаў аб скасаванні шлюбу. Гэты артыкул, заснаваны на нормах кананічнага (царкоўнага) права, па сутнасці паўтарае іх у частцы гіпотэзы і дыспазіцыі, але дапаўняе ў частцы санкцыі.. Пры гэтым асноўная ідэя царквы пра тое, што шлюб непарыўны, святы і вечны, пацвярджалася прычынамі скасавання шлюбу — толькі ў тым выпадку, калі шлюб узяты з парушэннем божых і царкоўных законаў, узнаўленне справядлівасці патрабуе скасавання яго як незаконнага. Таму паводле свецкага заканадаўства скасаванне шлюбу як несапраўднага прадугледжвалася найперш у тым разе, калі бралі шлюб асобы, што знаходзіліся ў блізкіх ступенях роднасці, гэта значыць былі кроўнымі.. Калі сужэнцы ведалі пра гэтую роднасць, то дзеці ад такога шлюбу лічыліся бенкартамі.. Акрамя таго, ужываліся суровыя маёмасныя санкцыі.
Калі ж наўмыснасць бакоў не была даказаная, гэта значыць калі муж і жонка ажаніліся, не ведаючы пра роднасць, шлюб скасоўваўся, але іншыя санкцыі не выкарыстоўваліся. Гэтыя асобы маглі ўступаць у новыя шлюбы з дазволу духоўнага суда.
Несапраўдным прызнаваўся шлюб пры існаванні ранейшага шлюбу. Мужчына, які ўступіў у новы шлюб пры наяўнасці законнай (венчанай) жонкі, караўся смерцю. У выпадку, калі яго другой жонцы было вядома пра існаванне першага шлюбу, яе чакала такое ж пакаранне. Відавочна, што гэтыя палажэнні Статута запазычаны з кананічнага права, прааналізаванага раней, а таксама з германскіх сістэмаў («Караліны»).
Статут 1588 г. адлюстраваў прыярытэт свецкага суда, удакладніўшы кампетэнцыю духоўнага і свецкага судоў пры вызначэнні наступстваў скасавання шлюбу. Духоўны суд выносіў толькі пастанову аб скасаванні шлюбу і тлумачыў прычыны яго ў паведамленні свецкаму суду. Свецкія суды (земскі або гродскі) таго павета, дзе знаходзілася вяноўная маёмасць жонкі, вызначалі маёмасныя вынікі скасавання шлюбу[63].
Трэба адзначыць, што пры скасаванні шлюбу, як і пры ўступленні ў яго, шырока карысталіся звычаёвым правам. Таму найбольш распаўсюджаным у Беларусі было скасаванне шлюбу без падставаў, паводле ўзаемнай згоды, абумоўленай поглядам на шлюб як на свабодную дамову. Гэтая з’ява згадана ў Статуце Яраслава як непажаданая, бо абкладалася штрафам (арт. 18). Але яна існавала і ў XVI ст., пра што сведчаць шматлікія судовыя справы, а таксама сцверджанні даследчыкаў. Пры скасаванні шлюбу паводле згоды выяўлялася незалежнае становішча мужа і жонкі, права на новы шлюб «…як мы па сваёй добрай волі сышліся, так і разышліся, за што адзін да аднаго на вечныя часы не будзем мець прэтэнзій»[64]. Гэтыя палажэнні атрыманы ў спадчыну ад звычаёвага права і прызнаваліся афіцыйнай уладай.
Царкоўнае права ўсходняй і кананічнае права заходняй царквы прадугледжвалі розныя наступствы скасавання шлюбу. Праваслаўным дазвалялася ўступаць у новы шлюб, калі не было ўстаноўленай судом віны мужа (жонкі) або спецыяльнай царкоўнай пастановы. Заходняя царква не дапускала такой магчымасці.. Уступленне ў шлюб дазвалялася ў пэўных выпадках пры ўмове прызнання папярэдняга шлюбу несапраўдным. Але адзінага дастасавання гэтых правілаў не было. Так, напрыклад, нягледзячы на тое што шлюб князя Курбскага і княгіні Гальшанскай быў прызнаны скасаваным, духоўны суд забараніў ім уступаць у наступны шлюб[65].
Пры скасаванні шлюбу паводле ўзаемнай згоды бакоў падкрэслівалася ў пісьмовай згодзе менавіта тая акалічнасць, што яны могуць па сваёй волі ўступаць у наступны шлюб («дазвалялі» адзін аднаму).
Апрача таго, існавала праблема ўзнаўлення скасаванага шлюбу, цесна звязаная з прычынай скасавання калі шлюб скасаваны па віне аднаго з сужэнцаў, то ў залежнасці ад віны развязвалася пытанне пра ўзнаўленне шлюбу.
Праваслаўная царква дазваляла ўзнаўленне шлюбу, калі яго скасаванне не мела вынікам царкоўнае пакаранне (пры няздольнасці да сужэнцкага жыцця, вяртанні без вестак адсутнага). Але не дапускалася ўзнаўленне шлюбу пры скасаванні яго з прычыны пастрыжэння мужа або жонкі ў манахі ці прыняцця мужам хіратаніі. Маёмасныя вынікі скасавання шлюбу таксама былі звязаныя з вінаватасцю або невінаватасцю бакоў пры скасаванні шлюбу і рэгуляваліся свецкім правам. Калі быў вінаваты муж, ён страчваў сваю маёмасць, запісаную ў вена жонцы. Але калі ад шлюбу былі дзеці, то гэтая маёмасць пераходзіла ў іх уласнасць, а жонка валодала і карысталася ёю да паўналецця дзяцей[66].
Калі ў скасаванні шлюбу вінаватая жонка, дык яна страчвала права на свой пасаг і на маёмаснае забеспячэнне мужа — вена. Пры наяўнасці ад шлюбу дзяцей права ўласнасці на гэтую маёмасць пераходзіла да іх, а муж толькі валодаў і карыстаўся ёю да іх паўналецця. У выпадку адсутнасці ў вінаватай жонкі пасагу або вена яна страчвала чвэрць усялякай сваёй маёмасці.. І тут захоўваўся прынцып уласнікі — дзеці.
Пры скасаванні шлюбу з прычыны пералюбства апрача маёмасных санкцый былі прадугледжаныя смяротная кара, эпітым’я ды іншыя свецкія і царкоўныя пакаранні[67]. У Кормчай прадугледжаны штрафы за скасаванне шлюбаў, узятых без законных падставаў[68].
Калі шлюб быў скасаваны без прызнання віны мужа і жонкі, дык ніхто з бакоў не нёс маёмасных страт, як і пры несапраўднасці шлюбу[69]. Аснову такіх узаемных разлікаў складалі маёмасныя дачыненні сужэнцаў у сям’і, умовы фарміравання сямейнага фонду. Да таго ж А. Загароўскі лічыў, што жанчына паводле звычаю ў Вялікім княстве Літоўскім атрымлівала яшчэ нейкую грашовую суму, не вызначаную законам, пэўнае забеспячэнне незалежна ад яе вінаватасці[70], што пацвярджаецца практыкай[71].
Лёс дзяцей пасля скасавання шлюбу вырашаўся па ўзаемнай згодзе сужэнцаў, пра што сведчаць акты свецкіх судоў. Яны, відаць, не маглі ахапіць усю сферу дачыненняў пры скасаванні шлюбу, калі ўзнікала спрэчка паміж бакамі.. Таму нельга ўпэўнена сцвярджаць, што лёс дзяцей заўсёды вырашаўся па ўзаемнай згодзе бацькоў. Паводле традыцый кананічнага (царкоўнага) права дзеці перадаваліся невінаватаму боку, прычым маці — пад умовай, што яна не выйдзе замуж другі раз. Выдаткі па ўтрыманні дзяцей мусіў несці бацька, а пры адсутнасці ў яго сродкаў — маці..
Такім чынам, рэгуляванне шлюбных дачыненняў звычаёвым, кананічным (царкоўным) і свецкім правам мела агульную тэндэнцыю да рэгламентацыі ўсіх стадый гэтых дачыненняў, імкнення ажыццявіць іх у законнай форме. Пад законнай формай звычаёвае і царкоўнае права разумелі розныя віды абрадаў.
Практыка сведчыць, што, нягледзячы на такі магутны інстытут сярэднявечнага грамадства, як царква, яе імкненне ўсталяваць прыярытэт над інстытутам шлюбу не спраўдзілася, старадаўнія традыцыі і звычаі змаглі процістаяць царкоўнаму ўплыву да сярэдзіны XVI ст.
Хоць патрабаванні абедзвюх цэркваў былі строгія, як праваслаўныя, так і каталікі не заўсёды карысталіся паслугамі царквы для надання шлюбу фармальнай законнасці, што адлюстроўваюць акты судоў і нормы Статутаў. Дзяржаўнае заканадаўства актыўна падтрымлівала працэс хрысціянізацыі шлюбных дачыненняў, пра гэта сведчыць запазычванне Статутам 1588 г. нормаў кананічнага права. Аднак дзяржаўныя органы, службовыя асобы, як вынікае з судовай практыкі, не заўсёды былі паслядоўнымі выканаўцамі апошніх. 3 гэтай прычыны ўзнікла супярэчнасць паміж царквой і грамадствам, якая афіцыйна вырашылася на карысць царквы, але на самой справе звычаёвае права па-ранейшаму ўжывалася актыўна, рэгулюючы значную частку дачыненняў. (9, с. 47)У дадзеным выпадку звычаёвае права выконвала, паводле афіцыйнай версіі, ролю субсідыярнай крыніцы права, але ім карысталіся не тады, калі кананічнае мела прагалы, а тады, калі апошняе супярэчыла традыцыйнаму светапогляду грамадства.
Зроблены аналіз дазваляе зрабіць выснову, што шлюбна-сямейныя дачыненні мелі вынікам узнікненне мноства інстытутаў прыватнага земскага права пасагу, вена, спадкаемства, апекі ды інш.
ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАННЕ МАЁМАСНЫХ ДАЧЫНЕННЯЎ У СЯМ΄І.
1. Пасаг як маёмаснае забеспячэнне жанчыны.
Новы узровень таварна-грашовых дачыненняў у XVI ст., фарміраванне раннебуржуазных формаў уласнасці, павелічэнне сферы прававога рэгулявання шляхам пагадненняў і дамоваў і ў выніку пашырэнне суб’ектыўных правоў былі тымі аб’ектыўнымі фактарамі, што спрычыніліся да эвалюцыі цывільна-прававых дачыненняў у Вялікім княстве Літоўскім. Адначасова развіццё прававой сістэмы дзяржавы дазволіла вылучыць сферу цывільна-прававых дачыненняў у асобны інстытут.
У інстытуце сям’і як адным з найважнейшых для існавання грамадства і дзяржавы арганічна ўзаемазвязаны асабістыя і маёмасныя правадачыненні. Даследванне праблем шлюбу і сям’і патрабуе разгляду інстытутаў, што фарміруюць матэрыяльную аснову сям’і пасагу і вена, якія ў сваю чаргу цесна звязаныя з правам спадкаемства і апекай. Вядомы гісторык права XIX ст. В. Спасовіч адзначаў іх натуральную ўзаемасувязь «Шлюб, пасаг і вена — інстытуті сямейнага права, але аддзяліць іх ад інстытутаў спадчыннага права без відавочнай шкоды сэнсу і яснасці… немагчыма»[72].
Адін з галоўных інстытутаў фарміравання матэрыяльнага забеспячэння сям’і — інстытут пасагу. На маёмасныя правы сужэнцаў уплывала найперш рэгуляванне правадачыненняў па пасагу.
Канцэпцыя пасагу, які гарантаваў маёмасныя інтарэсы жонкі, палягала ў тым, што на час шлюбу маёмасць, што складае пасаг, паступала ў карыстанне сям’і. У выпадку спынення шлюбу з прычыны смерці жонкі спадчына на пасаг належала дзецям, а пры іх адсутнасці ён вяртаўся асобам, якія забяспечвалі пасаг (бацькам, родным).
Інстытут пасагу ў дастатутавы перыяд практычна не рэгуляваўся заканадаўчымі актамі, таму што, верагодна, стабільна рэгламентаваўся звычаёвым правам. Тым не менш прыгадванне пасагу прысутнічае ў прывілеях пры рэгуляванні дачыненняў па спадчыне, забеспя-чэнні ўдавы, уступленні ў шлюб, размежаванні маёмасці мужа і жонкі. У прывілеях згадваецца пасаг, што вызначаецца рознымі тэрмінамі — «вена», «забеспячэнне», «пасаг»[73].
У дастатутавы перыяд у Беларусі існаваў звычай, паводле якога пасаг не меў дакладнага памеру, а вызначаўся, як правіла, бацькамі, братамі або блізкімі нявесты. У дастатутавы перыяд у актах прыгадваўся розны пасаг 100 грыўняў для дачок паноў, а баяры і зямяне — шляхта давалі пасаг 20, 30 або 60 грыўняў[74].
У Статутах 1529, 1566,1588 гг. інстытут пасагу быў падрабязна распрацаваны, дэталізаваліся дачыненні па пасагу, вызначана фіксаваная частка пасагу паводле закону.
Асаблівая ўвага да пасагу і яго правільнага юрыдычнага афармлення звязана не толькі з тым, што ён гарантаваў матэрыяльнае забеспячэнне жанчыны і яе дзяцей, але і з тым, што ён меў істотнае значэнне пры спадкаванні і спагнанні галоўшчыкы — матэрыяльнай кампенсацыі за забітага блізкага. Пры пакліканні да спадчыны і спагнанні галоўшчыны не ўлічваліся дочкі і сёстры, якія атрымлівалі пасаг раней.
Пасаг (маёмасць для дачкі-нявесты) у Статутах вызначаўся тэрмінамі пасаг, выправа, унясенне. Пад пасагам у вузкім сэнсе мелася на ўвазе рэгуляванне маёмасных дачыненняў маёмасць дачцэ ў выглядзе грошай, золата, срэбра, каштоўнасцяў. Пад выправай разумелася ўласнасць у выглядзе рухомай маёмасці гаспадарча-бытавога прызначэння, падобна да германскай герады[75]. Унясенне — гэта сума пасагу і выправы. Пры вызначэнні вена кошт пасагу ацэньваўся ўдвая («савіта»), складваўся з коштам выправы, а затым на гэтую суму афармлялася вена, але не больш чым на трэць нерухомай маёмасці мужа. У Статуце 1529 г. працэс афармлення пасагу і вена не знайшоў яшчэ дэталёвага адлюстравання. Пасаг звычайна вызначаўся бацькамі паводле іх меркавання. Закон не абмяжоўваў іх у гэтым, але ў выпадку смерці бацькоў дочкі мелі права на пасаг паводле закону[76]. Калі адна з дачок атрымала пасаг пры жыцці бацькоў, дык і астатнія дочкі павінны былі атрымаць такі ж, калі іншае не ўказана ў тэстаменце. Калі бацькі не далі пасагу дочкам пры жыцці і не пакінулі распараджэнняў на выпадак смерці, дык дочкі атрымлівалі на пасаг чвэрць маёмасці бацькі незалежна ад колькасці дачок. Гэтая частка ацэньвалася і выдавалася грашыма[77].
У выпадку, калі дачка выходзіла замуж пры жыцці бацькі, ёй павінны быў патрабаваць ад зяця забеспячэння пасагу ў выглядзе афармлення вена[78].
Асновы інстытута сямейнага права, закладзеныя ў першым Статуце, засталіся нязменнымі па сваёй сутнасці ў Статутах 1566 і 1588 гг., але развіваліся далей паводле формы і кола рэгулявання правадачыненняў.
Статут 1566 г. пашырыў паняцце пасагу. Замацоўваючы, як і раней, парадак забеспячэння пасагу на траціну (1/3) нерухомай маёмасці мужа, Статут прадугледжваў выпадак, калі гэтая траціна не будзе адпавядаць суме пасагу. У такім разе прызнавалася правамернай купля бацькам нявесты маёнтка ва ўласнасць дачкі. Пры гэтым прадугледжвалася супольнае карыстанне маёнткам пры жыцці мужа і жонкі, але пасля смерці мужа ён заставаўся ўласнасцю жонкі[79]. Названы Статут рэгламентаваў далейшы лёс пасагу у выпадку, калі ад шлюбу не было дзяцей і жонка не завяшчала нікому свайго ўнясення, апошняе вярталася ў дом, з якога яна выходзіла замуж[80].
Статут 1566 г. адрозна ад Статута 1529 г. падрабязна разглядаў складовыя часткі пасагу — уласна пасаг і выправу, а таксама атрыманне сумы вена шляхам падвойнай ацэнкі пасагу (г.зн. пасаг плюс прывенак)[81]. Але прынцып вылучэння пасагу той жа, што і паводле Статута 1529 г. калі не прадугледжана іншае, то чвэрць бацькоўскай маёмасці паступае ў пасаг дочкам. Статут 1566 г. падрабязней рэгуляваў парадак вылучэння пасагу братамі, іпатэку сясцёр на гэтую маёмасць да моманту выдачы пасагу. Прызнана магчымым выдаваць пасаг з чвэрці нерухомай маёмасці або самую чвэрць. Брат мусіў аддаць суму пасагу сястры ва ўсялякім выпадку, калі ж ён растраціў яе, то павінны быў вярнуць гэтую суму як уласны доўг[82].
Другі Статут прадугледжваў выпадак, калі браты не маглі ўзяць апеку над сёстрамі з прычыны розных акалічнасцяў. У такім разе сёстрам давалася права карыстацца той доляй маёмасці, якая вызначана ім на пасаг, гэта значыць сёстры ўтрымліваліся на чвэрці маёмасці пад апякунствам прызначанага апекуна[83].
Названы Статут падрабязней, чым Статут 1529 г., рэгуляваў дачыненні па пасагу. Так, калі бяздзетная дачка памерла і не распарадзілася сваім пасагам, дык ён вяртаўся ў дом, з якога памерлая ў свой час выйшла замуж (дом бацькі). Калі ж яна атрымала ўнясенне ад братоў, то права на спадчыну гэтага ўнясення пасля яе смерці мела незамужняя сястра. Калі браты захочуць узяць унясенне памерлай сястры сабе, дык незамужняй сястры з усёй чвэрці супольнай маёмасці выдзяляліся пасаг і выправа[84].
У выпадку незабеспячэння пасагу з траціны нерухомай маёмасці мужа трэці Статут, як і Статут 1566 г., прадугледжваў куплю бацькамі нявесты маёнтка, які станавіўся яе ўласнасцю. Па смерці бяздзетнай жонкі пасаг мусіў быць вернуты ў дом, з якога яна выйшла замуж[85]. Тым самым пацвярджалася канцэпцыя размежаванасці маёмасці мужа і жонкі, паколькі лёс купленага маёнтка, названага супольным для карыстання мужа і жонкі, супадаў з лёсам унясення — галоўнай рэчы. Значыць, заява пра супольнасць маёмасці была зроблена ў законе дэкларатыўна. Можна казаць пра супольнае карыстанне маёмасцю мужа і жонкі да пэўных межаў, але не пра супольную сямейную ўласнасць.
Статут 1588 г. паглыбіў рэгуляванне прававых дачыненняў па вызначэнні пасагу. У выпадку рознагалоссяў паміж братамі і сёстрамі наконт ацэнкі чвэрці маёмасці для пасагу яе рабіла службовая асоба (падкаморы) у прысутнасці двух шляхцічаў[86]. Адсюль вынікае, што сямейныя традыцыі траплялі ў заканадаўства.
Калі брат страціў чвэрць маёмасці, выдзеленай на пасаг сястры, апошняя паводле названага Статута мела права падаць пазыўны ліст не да брата, а да той асобы, якая валодала гэтай маёмасцю ў момант паклікання да суда[87].
Статут 1588 г. унёс яшчэ адно дапаўненне ў рэгуляванне дачыненняў да пасагу[88] выдадзеныя замуж пры жыцці бацькі дочкі страчвалі права патрабаваць вылучэння долі пасагу ад братоў. Апрача таго, калі сёстры былі выдадзеныя братамі без пасагу, дык вызначаўся дзесяцігадовы тэрмін даўніны ад моманту выхаду сястры замуж. Цягам гэтага часу права на спозыск па пасагу мелі дзеці сясцёр.
Статут дапаўняў рэгуляванне дачыненняў па атрыманні ў спадчыну пасагу бяздзетнай удавы. Гэты пасаг вяртаўся ў дом, з якога жанчына выйшла замуж, але такая маёмасць трапляла братам толькі пры адсутнасці незамужніх сясцёр. У такім разе пасаг атрымлівалі ў спадчыну браты або іх нашчадкі. Калі ж не было ні братоў, ні іх нашчадкаў, яго атрымлівалі сёстры, але выдадзеныя замуж, і іх нашчадкі[89].
Пры скасаванні шлюбу лёс пасагу вызначалі духоўны і свецкі суды[90]. Духоўны суд выносіў пастанову аб вінаватасці або невінаватасці бакоў, а свецкі суд на яе падставе вызначаў прыналеж-насць пасагу. Пры адсутнасці віны сужэнцаў у скасаванні шлюбу кож-ны бок заставаўся пры сваёй маёмасці, жонка мела права на свой пасаг. У выпадку віны жонкі яна пазбаўлялася пасагу.
Калі шлюб спыняўся з прычыны смерці жонкі, яе пасаг атрымлівалі па спадчыне дзеці, а пры адсутнасці апошніх, калі пасаг нікому не быў запісаны тэстаментам, ён вяртаўся ў дом родных памерлай.
Страта права на пасаг прадугледжвалася як санкцыя за выхад замуж без згоды бацькоў. Статут 1529 г. упершыню прадугледзеў такую маёмасную санкцыю, як пазбаўленне пасагу за парушэнне гэтай традыцыі[91]. Другі Статут дапоўніў гэтую норму пры адсутнасці бацькоў права даваць згоду на шлюб пераходзіць да апекуноў, старэйшых братоў, іншых родных або адміністрацыйнай асобы. У сувязі з тым што адсутнасць згоды на шлюб пазбаўляла нявесту пасагу, заканадаўца прадугледзеў умовы, якія не дапускалі выкарыстання гэтай акалічнасці ў карыслівых інтарэсах асобаў, што замяняюць бацькоў. Нявеста пры адмове ў згодзе на шлюб мела права звярнуцца да дзяржаўнай улады, але пры наяўнасці дзвюх умоваў 1) ёй павінна быць не менш за 15 гадоў, 2) жаніх яе мусіў быць адпаведнага стану, напрыклад шляхціч для шляхцянкі[92]. Статут 1588 г. дапоўніў гэтую норму, даўшы дзяўчыне-сіраце права самой валодаць той доляй маёмасці, з якой ёй павінны быць вызначаны пасаг, і забяспечваць сябе з гэтай маёмасці, тым самым пашырыўшы яе асабістыя і маёмасныя правы. Гэтая норма сведчыць пра важную ролю пасагу для грамадскага статусу жанчыны.
Аналіз заканадаўства, якое рэгулявала дачыненні па пасагу, дазваляе зрабіць выснову аб развітасці гэтага інстытута ў шлюбна-сямейным праве Беларусі XVI ст. Пра даволі завершаны характар яго сведчыць наяўнасць нормаў, што адсутнічалі ў польскім заканадаўстве XVI ст., напрыклад вызначэнне фіксаванай долі ў памеры чвэрці бацькоўскай маёмасці. Гэтая норма запазычана са Статутаў Вялікага княства як польскім, так пазней і расейскім заканадаўствам.
Тагачасныя грамадска-палітычныя дзеячы М. Літвін і А. Валян актыўна пратэставалі супроць такога пашырэння маёмасных правоў жанчын, бо лічылі, што валоданне буйнымі зямельнымі абшарамі падрывае асновы вайсковай службы з зямлі, а багаты пасаг нявесты згубна ўплывае на жаніхоў з гледзішча маралі.
Аднак, паводле меркавання большасці шляхты, шырокія правы жанчын па пасагу забяспечвалі трываласць яе асабістых правоў, гарантыю шляхецкіх вольнасцяў. Гэтыя акалічнасці спрычыніліся да развіцця ў праве Вялікага княства Літоўскага інстытута пасагу.
2.Інстытут забеспячэння жанчыны– вена.
Гісторыя інстытута вена пачынаецца ад перыяду родавага ладу. У Беларусі пасаг пачаткова ўносіўся жонкай у сям’ю мужа, а не яму асабіста і быў істотным укладам у сямейны гаспадарчы фонд, які ўплываў на становішча жанчыны ў новай сям’і. Пасаг на працягу шлюбу заставаўся ў распараджэнні сям’і як частка супольнай сямей-най маёмасці. У далейшым ён разам з маёмасцю мужа пераходзіў па спадчыне да дзяцей і іх нашчадкаў. Але пасаг складаўся з рухомай маёмасці, грошай і каштоўнасцяў, якія маглі быць патрачаныя ў пра-цэсе сямейнага жыцця. У такім разе жонка па смерці мужа заставалася без сродкаў, калі ў яе не было дзяцей і радні. Для ўмацавання становішча ўдавы муж пры жыцці паводле даўнага звычаю, уступаючы ў шлюб, забяспечваў пасаг жонкі пэўнай доляй са сваёй уласнай нерухомай маёмасці, якая называлася венам.
Што да прывілеяў, дык першым інстытут вена закрануў Прывілей ад 20 лютага 1387 г., які прызнаваў права ўдавы на валоданне і карыстанне маёмасцю памерлага мужа да яе ўступлення ў новы шлюб.
Гэта, здавалася б, натуральнае права ўдавы даравана прывілеем як пашырэнне правоў паноў, баяраў і іншых асобаў феадальнага стану. Сапраўды, права ўдавы на пажыццёвае валоданне маёмасцю мужа было ільготай, дадзенай вялікім князем, бо паводле традыцыі ў нашай дзяржаве ён быў найвышэйшым уласнікам зямельных уладанняў. Згодна са звычаем, калі ў памерлага не было ні дзяцей, ні радні, зямельнае ўладанне пераходзіла («спадала») да манарха, таму што ён замяняў у спадкаемстве кроўных. Удава атрымлівала пражытак ў выг-лядзе пражывання на маёмасці нябожчыка. Вялікі князь мог перадаваць гэтую спадчыну каму хацеў. У такім разе той, каму падаравана маёмасць, павінны быў забяспечыць пражытак, «кармленне», удавы на маёнтку. Вельмі часта праз шлюбы з удовамі, якія заставаліся на маёмасці, разгледжаныя ўладанні пераходзілі да іншых асобаў.
Правы ўдавы былі пашыраны ў Прывілеі 1413 г., які дазваляў рабіць запісы на карысць жонак на вотчыннай і дараванай манархам маёмасці. Тым самым становішча ўдоваў яшчэ надзейней гарантавалася правам.
Прывілей 1447 г. зацвярджаў правы ўдоваў на ўладанне маёмасцю да паўторнага замужжа або наагул да таго, пакуль «на ўдовіным стальцы» сядзець будуць (захоўваць стан удавы). Пры ўступленні іх у шлюб маёмасць пераходзіла дзецям або блізкай радні мужа (п. 7). Акрамя таго, замацавана права ўдавы на нейкую долю (дакладна не вызначана) вена, якую муж запісаў ёй адпаведна са звычаем. Удава магла распараджацца венам паводле свайго меркавання (п. 8). Паз-ней гэтыя значныя ільготы ўдавы былі ў некаторай меры абмежаваныя правамі іншых асобаў, найперш дзяцей і блізкіх мужа. Валоданне вотчыннай маёмасцю мужа на правах вена патрабавала ад удавы выканання земскай і вайсковай службы. Значыць, да гэтага часу правы ўдавы на ўладанне сталі рэальнасцю. Названае патрабаванне пацвярджае факт шырокага распаўсюджання такіх уладанняў, што вымагала дзеля функцыянавання дзяржаўных інстытутаў выканання звязаных з гэтым абавязкаў (п. 28). Апрача таго, у Прывілеі 1447 г. рэзка абмяжоўваліся правы жанчын, якія выходзілі замуж за межы Вялікага княства Літоўскага. Такая жанчына пазбаўлялася права валодання вотчыннай маёмасцю і магла ўзяць з сабою толькі пасаг у грашах (п. 38). Гэтая норма павінна была папярэдзіць пранікненне ў нашу краіну замежнікаў, найперш палякаў, і абмежаваць іх уладанні. У XVI ст. яна ўжо не выкарыстоўвалася.
Паводле Жмудскага прывілея 1492 г. удава мела права на ўладанне маёмасцю памерлага мужа да таго часу, пакуль яна была ў становішчы ўдавы. У выпадку яе замужжа маёмасць пераходзіла спадкаемцам мужа, а ўдаве заставаўся пасаг, прызначаны ёй памерлым мужам.
Больш жорстка абмежаваў правы ўдавы на маёмасць памерлага мужа Бельскі прывілей Аляксандра (1501 г.). Удава пры атрыманні пасагу або вена па смерці мужа (пры адсутнасці дзяцей) вяртала яго бацькам або блізкім, якія выдавалі яе замуж. У адваротным выпадку яна страчвала права на сваю долю ў спадчыне бацькі. Калі ўдава прэтэндавала на частку спадчыны (напрыклад, толькі на мацярынскую) або была адзінай спадкаемкай, то вяртанне пасагу або вена не патрабавалася[93].
У Смаленскім прывілеі 1505 г. адзначаны шырокія правы ўдавы і пацверджана яе права на пажыццёвае валоданне маёмасцю мужа і на свабодны выхад замуж.
У Полацкім прывілеі 1511 г. за ўдавой замацавана валоданне маёмасцю памерлага мужа да выхаду яе замуж. У выпадку замужжа ёй заставалася тое, што запісаў муж (дарэчы, памеры гэтай часткі законам не вызначаліся). Пры гэтым удава павінна была паведаміць радні мужа, што ён запісаў ёй, а маёмасць пакінуць спадкаемцам мужа. дзначана права свабоднага выхаду замуж.
Ухвала, дадзеная Віленскім соймам 16 студзеня 1509 г., завяршыла прававое фармаванне інстытуту вена. Яна найбольш поўна ўвасобіла канцэпцыю аб праве ўдоваў на матэрыяльнае забеспячэнне з улікам інтарэсаў іншых спадчыннікаў, упершыню канкрэтна вызначыла памеры вена, парадак карыстання і атрымання яго ў спадчыну. Гэтыя нормы ўвайшлі ў Статут 1529 г. і наступныя з невялікімі ўдакладненнямі.
Паводле Ухвалы 1509 г. вена складала траціну нерухомай маёмасці (спадчыннай або выслужанай). Пры гэтым блізкія мужа мелі права выкупіць яе са згоды ўдавы. Калі ўдава заставалася на сваёй і траціне, гэтую частку пасля яе атрымлівалі ў спадчыну дзеці. Калі ж дзяцей не было, удава магла завяшчаць яе каму заўгодна. У сваю чаргу родныя мужа маглі выкупіць вена ў спадчынніка, заплаціўшы „кошт вяноўнай маёмасці, акрамя прывенка˝. Па смерці ўдавы маё- масць атрымлівалі ў спадчыну блізкія. Хто менавіта, ухвала не ўдакладняла. Але калі з першай часткі нормы вынікае, што жонка (удава) — уласніца кошту вена, дык з другой незразумела, які менавіта парадак спадкавання ўсёй маёмасці ў выпадку адсутнасці ва ўдавы і дзяцей. Можна толькі меркаваць, што спадкаемцамі былі блізкія мужа. Абмежаванне маёмасці, якая ішла ў вена, трацінай нерухомасці мужа засноўвалася на даволі распаўсюджаным звычаі, паводле якога , ўладальнік мог свабодна (без згоды родных) распараджацца толькі трэцяй часткай ляжачай маёмасці ў дамовах падаравання, продажу, абмену, залогу ды інш., што мелі мэтай адчужэнне гэтай маёмасці.
Такім чынам, палажэнні прывілеяў паступова фармавалі інстытут сямейнага права, і перадусім рэгулявалі маёмасныя правадачыненні паміж сужэнцамі. Нявызначанасць у прывілеях наконт долі маёмасці ўдавы сведчыла, верагодна, аб неразвітасці гэтага інстытута, бо маёмасць разглядалася ўсё яшчэ ў асноўным як сямейная ўласнасць. Але развіццё таварна-грашовых дачыненняў і вылучэнне індывідуальных правоў патрабавалі дэталёвага развязання дадзенай праблемы.
3 аналізу прывілеяў можна зрабіць выснову, што соймавая Ухвала 1509 г. ёсць вынікам развіцця інстытута вена дастатутавага перыяду. Да гэтага часу склад і памер вена вызначаліся, згодна з мясцовымі звычаямі, або пагадненнем жаніха з роднымі нявесты, або паводле меркавання мужа. Можна таксама сцвярджаць, што інстытут вена быў адным з галоўных кірункаў развіцця сямейных маёмасных дачыненняў і найбольш урэгуляваным інстытутам сямейнага права. 3 прычыны сваёй беспасярэднай сувязі з вотчыннай феадальнай уласнасцю гэты інстытут ўяўляла адзін з галоўных клопатаў феадалаў (шляхты), пра што сведчыць пашырэнне правоў удавы ў валоданні нерухомасцю мужа да сярэдзіны XV ст. Правы мужа і жонкі наконт выдзелу вены, распараджэння ім і яго далейшага лёсу вызначаюцца гаспадаром у прывілеях як падараванне ільгот, як пашырэнне свабод і вольнасцяў шляхты.
Эканамічныя змены ў канцы XV—XVI ст., развіццё таварна-грашовых дачыненняў і правасвядомасці грамадства патрабавалі прававога афармлення гарантаванасці вяноўнай маёмасці. Партыкулярызм звычаёвага права розных земляў чыніў перашкоды на гэтым шляху, што выклікала неабходнасць уніфікацыі права. У гэтым аспекце Ухвала 1509 г. у пэўнай меры сінтэзавала найбольш выразныя рысы працэсу фармавання інстытута сямейнага права паводле земскага права. У азначаны перыяд яскрава праявілася тэндэнцыя да абмежавання права ўдавы на валоданне нерухомасцю мужа, але ў той жа час існавала дакладнае афармленне размежавання маёмасці мужа і жонкі, пра што сведчыць вызначэнне долі вяноўнай маёмасці (не болей за траціну нерухомасці мужа) і парадку атрымання яе ў спадчыну па смерці сужэнца. Інстытут вена выконваў функцыі аховы правоў па маёмасці жонкі, удавы, адбылася стабілізацыя інстытуті забеспячэння ўдавы.
Далейшае развіццё інстытут вена атрымаў ў Статуце 1529 г. Паводле яго,[94] частка маёмасці мужа, на якую павінна афармляцца вена, складала не болей за траціну яго нерухомасці. У выпадку смерці мужа ўдава заставалася на гэтым вене, усю астатнюю маёмасць атрымлівалі ў спадчыну дзеці. Статут таксама рэгуляваў дачыненні і афармляў становішча ўдавы пры адсутнасці вена. У такім разе ўдава атрымлівала аднолькавую з дзецьмі частку маёмасці, аднак калі ад шлюбу было адно дзіця, то ўдава атрымлівала трэць усёй спадчыннай маёмасці. У выпадку выхаду яе замуж маёмасць удавы заставалася дзецям. Калі ў невенаванай удавы былі дзеціI ад двух шлюбаў, дык яна мела права на долю, роўную з дзецьмі, у маёмасці першага і другога мужа[95].
Статут рэгуляваў становішча бяздзетнай удавы. Яна мела права толькі на сваё вена, астатняя маёмасць мужа пераходзіла яго спадкаемцам. Калі бяздзетная ўдава не мела вена, яна атрымлівала ў пажыццёвае карыстанне траціну нерухомай маёмасці мужа. Гэтую маёмасць спадкавалі родныя мужа пасля выхаду ўдавы замуж або яе смерці.
У Статуце 1529 г. акрэслены правы ўдавы ў выпадку прызначэння апекі. Калі муж прызначаў апекуна над дзецьмі і маёмасцю ў тэстаменце[96], то жонка заставалася толькі на сваім вене, а астатняя маёмасць ішла ў распараджэнне апекуна. У адваротным выпадку ўдава кіравала ўсёй маёмасцю і дзецьмі да іх паўналецця, а з надыходам паўналецця дзяцей удава заставалася толькі на сваім вене. Калі яго не існавала, — дык на роўнай частцы з дзецьмі[97], усю іншую маёмасць атрымлівалі ў спадчыну дзеці. Калі ўдава-апя-кунка выходзіла замуж, апеку над дзецьмі яна мусіла перадаць родным мужа. Вена ж належала ёй, але паўналетнія дзеці з яе згоды маглі выкупіць яго.
Калі ўдава пад час апекі дзяцей і маёмасці прычыніла шкоду маёмасці дзяцей, то апека пераходзіла братам мужа або іншым яго блізкім. .Удава ў гэтым разе заставалася на вене, а пры яго адсутнасці — на аднолькавай з дзецьмі частцы. Па смерці ўдавы вяноўную маёмасць атрымлівалі ў спадчыну дзеці.
Такім чынам, у Статуце 1529 г. маёмасць, якая давалася ў вена жонцы, параўнальна з дастатутавым правам дакладна акрэслена трацінай нерухомай маёмасці мужа і ахоўвалася ад стратаў, вызначалася таксама іпатэка над гэтай маёмасцю[98]. Звузіліся правы ўдавы ў дачыненні да спадчыннай маёмасці мужа. Так, кіраваць усёй маёмасцю мужа на «ўдовіным стальцы» ўдава магла толькі да паўналецця дзяцей, а затым толькі сваім венам. Калі дзяцей не было, удава заставалася не на «ўдовіным стальцы», а на трэці маёмасці мужа. 3 маёмасці мужа невенаваная ўдава атрымлівала столькі ж, колькі венаваная, — трэцюю частку, але прававы рэжым гэтай маёмасці роз-ны. Невенаваная ўдава магла карыстацца ёю пажыццёва, а па яе смерці гэтую маёмасць атрымлівала ў спадчыну радня мужа. Венаваная ўдава магла прызначыць спадкаемца гэтай маёмасці, аднак родныя мужа мелі права выкупіць яе, заплаціўшы ўсю суму вена.
Статут 1529 г. падрабязна рэгуляваў правы спадчыннікаў мужа. Калі бяздзетная ўдава выходзіла замуж, дык апошнія, атрымліваючы вена, павінны былі выплаціць ёй увесь ягоны кошт. Калі спадкаемцы мужа не выкупілі вена пры жыцці ўдавы, яны мелі права выкупіць яго ў асобы, якой удава прызначыла вена, не за ўсю яго суму, а толькі за вартасць унясення без прывенка. Гэта звязана з тым, што жанчына-ўдава мела права ўласнасці толькі на свой пасаг — унясенне, прыве-нак жа быў уласнасцю мужа, які мог распарадзіцца ім толькі на карысць жонкі. Таму на ўсю суму вена ўдава мела толькі права карыстання[99].
Адзначалася, што афармляць вена на адну і тую ж асобу (жонку) можна было толькі адзін раз, гэта значыць у другім шлюбе жонка не мела права на вена. Статут змяшчаў імператыўную норму пра тое, што калі ўдава не была забяспечаная венам, дык яна не мела і пасагу[100]. Гэтым тлумачыцца асаблівая ўвага да пасагу і правільнага яго афармлення, бо толькі ён мог гарантаваць у далейшым матэрыяльнае забеспячэнне жанчыны і яе дзяцей.
Другі Статут таксама падкрэсліваў адсутнасць права жонкі на вена ад другога шлюбу, але ўдакладняў, што пасля смерці другога мужа ўдава атрымлівае роўную з дзецьмі частку пажыццёва[101]. Статут 1529 г. не рэгуляваў правы ўдавы-мачыхі[102]. Другі Статут удакладняў, што ўдава-мачыха мае права толькі на частку нерухомай маёмасці мужа разам з дзецьмі ад першай жонкі. 3 рухомай маёмасці яна мела права толькі на ўнясенне. Пры выхадзе замуж такая ўдава не мела права на вянец з боку дзяцей ад першай жонкі[103].
Першы Статут дазваляў падараванне (запісы) на карысць жонак, але толькі з рухомай маёмасці. Паводле Статута 1566 г. правы распараджэння ўласнасцю пашыраліся. Гэты Статут прадугледжваў ужо запісы і на траціну нерухомай маёмасці, але пры ўмове, што ўдава зможа выконваць службу «гаспадарскую і земскую»[104].
У Статуце 1566 г. была істотная норма па ахове маёмасных правоў дзяцей і спадчыннікаў мужа яны маглі ўтрымаць кошт растрачанай удавой маёмасці з кошту вена. Апрача таго, запіс мужа на частку, большую за траціну нерухомай маёмасці, лічыўся несапраўдным[105].
Другі Статут паляпшаў і ўдакладняў становішча невенаванай удавы. Паводле Статута 1529 г. яна мела права на пажыццёвае валоданне маёмасцю мужа, але, уступіўшы ў шлюб, мусіла пакінуць маёмасць дзецям або спадчыннікам мужа[106]. Згодна з Статутам 1566 г., у гэтым выпадку дзеці павінны даць такой удаве вянец як шляхцянцы (30 коп грошаў). Калі маёнтак не каштаваў 30 коп грошаў, ёй выдзялялася чвэрць маёмасці ў пажыццёвае карыстанне[107]. Калі ўдава не выходзіла замуж, яна заставалася да канца жыцця на роўнай з дзецьмі частцы.
Што да інстытута вена, дык у Статут 1588 г. унесены наступныя дапаўненні калі невенаваная ўдава застаецца на чвэрці маёмасці, то пры выхадзе яе замуж родныя мужа могуць выкупіць з яе згоды гэтую маёмасць за палову кошту[108]. Пасля смерці невенаванай удавы яе спадкаемцы (блізкія) не маюць права спаганяць яе вянец — 30 коп грошаў[109].
Асноўныя палажэнні інстытута вена не змяніліся ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг. — вена жонкі забяспечвалася трацінаю нерухомай маёмасці мужа. Апрача таго, у Статуце 1588 г. не зазналі зменаў і палажэнні пра «ўдовін сталец», пра яго выкуп, унясенне, правы венаваных і невенаваных удоў, што дзеляцца паводле Статуту на тры групы 1) якія маюць непаўналетніх дзяцей, 2) якія не маюць дзяцей, 3) якія застаюцца з дзецьмі мужа ад першага шлюбу.
Што да венаваных удоваў, дык трэці Статут унёс наступныя дапаўненні пашырана мабільнасць маёмаснага забеспячэння жонкі больш свабоднай стала форма, у якой яно афармлялася. Статут, пашырыўшы правы па запісе жонцы рухомай і нерухомай маемасці, вызначыў, што ўдава, якая мела такі запіс, страчвала права на атрыманне часткі нерухомай маёмасці мужа, гэта значыць ад вяноўнай маёмасці[110]. Гэтым павялічвалася магчымасць матэрыяльнага забеспячэння жанчыны паводле свабоднага меркавання бакоў. Закон стаў больш гнуткім. Імператыўныя нормай інстытута вена саступілі месца дыспазітыўным нормам запісу. У той жа час дамова запісу дазваляла ўзбуйніць супольную сямейную маемасць мужа і жонкі, бо яны самастойна маглі рэгуляваць праз дамову свае правы і долю кожнага ў сямейнай маёмасці.
Статут 1588 г. уключаў у дамову запісу не толькі рухомую маёмасць, але і трэць нерухомай маёмасці, праўда, пры ўмове земскай службы. Названы Статут дапоўніў правы ўдавы, дазволіўшы ёй пакідаць частку маёмасці ў выглядзе зброі, статкаў і г.д. у сваёй уласнасці[111].
Такім чынам, закон даволі грунтоўна забяспечваў становішча ўдавы. Разам з тым у заканадаўстве прадугледжана маёмасная адказнасць удавы або жонкі сваёй вяноўнай маёмасцю. Удава магла страціць гэтую маёмасць у тым разе, калі парушала шасцімесячны жалобны тэрмін і выходзіла замуж, а таксама калі ўдава-шляхцянка выйшла замуж за чалавека простага стану без згоды родных. Апрача таго, жонка магла страціць запісанае ёй вена, калі пры скасаванні шлюбу была вызначаная яе віна[112]. Вена заставалася мужу, а пасаг — жонцы пры скасаванні шлюбу без іх віны з прычыны прызнання кроўнай роднасці[113].
Побач з гэтым асноўным інстытутам сямейнага права, які не толькі вызначаў матэрыяльнае забеспячэнне ўдавы, але і ўплываў на памер яе пасагу, спадчыннай маёмасці, правы дзяцей ды іншых асобаў, усе астатнія інстытуты сямейнага права былі таксама накіраваныя на абарону маёмасных правоў кожнага сямейніка.
3.Спадчынныя дачыненні ў сям’і.
Інстытуты шлюбна-сямейнага права патрабуюць даследвання асабістых і маёмасных правоў. Асаблівасць інстытута спадкаемства палягае ў тым, што ён цесна звязаны з інстытутам шлюбу. Спадкаванне патрабуе пэўнай кроўнай роднасці як умовы гэтага права, праз пасаг і вена фарміруецца спадчынная маёмасць. Адначасова яны служаць асновай, а інстытут спадкаемства — канчатковай мэтай.
Такім чынам, спадкаемства як інстытут права ўзнікае гэтаксама, як і іншыя інстытуты матэрыяльнага забеспячэння, у выглядзе ільгот шляхце, як пашырэнне яе правоў і свабод.
Пры гэтым праваздольнасць шляхты грунтавалася на двух актах 1) нараджэння (яно было падставай набыцця шляхоцкіх правоў); 2) падаравання (шляхоцкія правы ўзнікалі на падставе набілітацыі — падаравання шляхоцтва вышэйшай дзяржаўнай уладай). Прымаючы ад бацькі маёнтак, сын набываў шляхоцтва ў поўным аб’ёме. Яно магло пераходзіць у спадчыну ад пакалення да пакалення толькі праз шлюбныя сувязі. Для набыцця спадчынных правоў патрабавалася, каб бацька быў шляхоцкага роду. Што да маці, звычай дапускаў і плебейскае паходжанне яе, паколькі пасля выхаду замуж за шляхціча яна лічылася набілітаванай, а дзеці ад такога законнага шлюбу — шляхцічамі[114].
Шляхоцкія правы атрымлівалі ў спадчыну толькі законнанароджаныя дзеці[115], у сувязі з чым вырасла значэнне законнага шлюбу ў грамадстве, нават для нявольных[116].
Упершыню шляхі атрымання шляхоцтва (асноўны з якіх — нараджэнне ад асобы, што мела яго) замацаваны ў Гарадзельскім прывілеі 1413 г. У сферы грамадзянскай праваздольнасці да шляхоцкіх вольнасцяў далучаны і правы на атрыманне вотчынных маёнткаў у спадчыну (п. 6). У далейшым права дзяцей на спадкаванне пацвярджалася ва ўсіх агульназемскіх прывілеях і прывілеях землям, але найбольш выразна ў Прывілеі 1447 г. і Бельскім прывілеі 1501 г.
Спадчыннікамі маглі быць толькі законныя дзеці. Незаконнымі лічыліся дзеці ад нявенчаных шлюбаў, а таксама пры адмове бацькі ад бацькоўства. Пры гэтым прадугледжвалася, што бацька не можа адмовіцца аб бацькоўства, калі пры жыцці маці прызнаваў дзіця сваім[117].
Інстытут спадкаемства ў дастатутавы перыяд уяўляў сабой даволі развітую сістэму, шчыльна звязаную з сямейным правам з прычыны залежнасці спадчыннікаў ад ступені блізкасці з сям’ёй і прыналежнай ёй маёмасцю. У дачыненні да бацькоўскай і мацярынскай маёмасці правы сыноў і дачок на спадчыну былі розныя. Дакладней былі вызначаны правы сыноў на спадкаванне бацькоўскіх маёнткаў, дочкі ж атрымлівалі пасаг пры выхадзе замуж. Што да мацярынскай маёмасці, дык дзеці абодвух полаў спадкавалі яе ў роўных долях.
Права спадкавання для дачок у дастатутавы перыяд было вельмі няпэўнае і залежала ад пажадання манарха аддаць замуж дзяўчыну з маёнткам. Толькі Статут 1529 г, вызначыў права дачок на чвэрць маёнтка[118]. Але трэба адзначыць спецыфічную прыкмету інстытута спадкаемства ў Вялікім княстве — дочкі маглі атрымліваць у спадчыну маёнткі пры адсутнасці сыноў. Маёнтак у такім разе не пераходзіў да бацькоўскай радні, а заставаўся дачцы. Пераход да жанчыны нерухомай маёмасці, з якой ішла вайсковая служба, спрычыняўся да ўмяшання манарха ў шлюбныя справы, а пазней і дакладнага замацавання чвэрці маёнтка за дочкамі як часткі іх пасагу.
Статут 1529 г. адрозніваў спадчыннікаў паводле закону і спадчыннікаў паводле тэстамента. Апошнія маглі спадкаваць не болей за траціну нерухомай маёмасці[119]. Але і гэтая частка павінна быць вызначаная як законная спадчына толькі праз дазвол дзяржаўнай улады[120]. Спадчыннікамі паводле закону былі перадусім дзеці, затым браты і сёстры, потым бацькі і г.д.[121]. Дзеці станавіліся ўласнікамі спадчыннай маёмасці толькі па дасягненні паўналецця[122]. 3 гэтага моманту яны маглі пакідаць маёмасць у спадчыну, бо ніхто не можа завяшчаць, пакуль сам тым не валодае[123]. Прадугледжвалася пазбаўленне спадчыннага права брата або сястры, якія ўчынілі забойства дзеля атрымання большай долі маёмасці[124].
Інстытут спадкаемства ўпершыню атрымаў даволі значнае адлюстраванне ў Статуце 1566 г. У першым Статуце вельмі коратка пералічаны асноўныя прынцыпы. Другі Статут пашырыў, дапоўніў, дакладна замацаваў парадак спадкаемства ў простых і бакавых лініях. Пашырэнне і дэталізацыя прававога рэгулявання звязаныя з працэсам развіцця сацыяльна-эканамічных дачыненняў, які выявіўся на дадзеным этапе ў новым стаўленні да паняцця ўласнасці. Новы статус уласнасці, нерухомай маёмасці быў нададзены трыманням і вотчынам. Гэтым былі ліквідаваныя ўмовы, што стрымлівалі працэс адчужэння вотчынных земляў. Статут 1566 г. якраз і адлюстраваў пашырэнне права распараджэння нерухомай маёмасцю, кожным зямельным уладаннем.
Статут 1566 г. удасканаліў і пашырыў рэгуляванне спадкаемства мацярынскай і бацькоўскай маёмасці. Пры атрыманні ў спадчыну мацярынскай маёмасці, як і паводле Статута 1529 г., яна дзялілася пароўну. Разгляд пытання пра спадкаемства мацярынскай маёмасці ў раздзелах III і V «Аб праве пасагу» дае падставы казаць пра беспасрэдніцкую сувязь паміж пасагам маці і спадчыннай масай яе маёмасці[125].
Наконт бацькоўскай спадчыны Статут 1566 г. унёс некаторыя дапаўненні. Спадкаемства бацькоўскай маёмасці выкладаецца ў раздзеле пра шляхоцкія вольнасці, што падразумявае права спадкавання пасля бацькі толькі законных дзяцей-шляхцічаў і разглядае перайманне ляжачай бацькоўскай маёмасці па традыцыі як ільготу, падараваную найвышэйшай уладай.
Бенкарты не атрымліваюць бацькоўскай спадчыны. Бенкартамі, як і ў Статуце 1529 г., прызнаваліся дзеці ад шлюбу з нявенчанай жонкай, а таксама тыя, чый бацька адмаўляўся ад свайго бацькоўства. Пад уплывам царкоўнага права Статут 1566 г. разглядае пазашлюбнае дзіця мужчыны пры яго законным шлюбе з іншай жанчынай як бенкарта[126]. Гэтае дзіця заставалася ў становішчы бенкарта і не атрымлівала спадчыны пасля бацькі, нават калі апошні пазней уступаў у шлюб з ягонай маці.
Статут 1566 г. рэгуляваў дачыненні і правы дзяцей ад некалькіх шлюбаў, прадугледжваючы розныя памеры ўнясення жонак. У гэтым разе сыны мусілі ажыццяўляць разлік дзеля ўраўноўвання ўнясенняў сваіх маці і толькі потым дзяліць бацькоўскую маёмасць на часткі. У выпадку смерці аднаго з братоў яго частка пераходзіла толькі братам. Дочкі атрымлівалі бацькаўшчыну толькі пры адсутнасці сыноў.
Рэгуляваў Статут 1566 г. і парадак паклікання да спадчыны ў бакавых лініях у выпадку адсутнасці дзяцей ад шлюбу. Пры гэтым бацькоўская маёмасць спадкавалася мужчынамі, роднымі бацькі, мацярынская маёмасць — блізкімі па лініі маці[127].
Некаторыя новыя палажэнні прадугледзеў Статут 1588 г. Ён упершыню рэгуляваў дачыненні ў спадкаванні супольна набытай маёмасці мужа і жонкі («для абаіх людзей»), якія не мелі пры ўступленні ў шлюб ніякай уласнай нерухомай маёмасці, а нажылі яе ўжо ў шлюбе[128]. У гэтым выпадку пры адсутнасці дзяцей — спадкаемцаў маёмасць цалкам пераходзіла да аднаго з сужэнцаў, які перажыў другога. Калі ж ад шлюбу былі дзеці, дык яны пасля смерці бацькі атрымлівалі дзве траціны, а іхная маці — адну. У выпадку смерці бяздзетных мужа і жонкі маёмасць пераходзіла родным сужэнцаў у роўных частках, г.зн. па палове на долю кожнага боку. Выказвалася меркаванне, што ў гэтай норме знайшоў адлюстраванне ўплыў магдэбургскага права.
Такім чынам, інстытут спадкаемства, даволі распрацаваны ў тагачасным праве Беларусі, быў накіраваны на забеспячэнне маёмасных правоў дзяцей і іншых асобаў, звязаных роднасцю, а ў пэўных выпадках таксама мужа і жонкі. Спецыфічнай рысай спадкавання ў праве Беларусі ёсць дакладнасць вызначэння часткі дачок у нерухомай маёмасці, што звязана з пэўнасцю закону наконт пасагу, вена. Гэтыя інстытуты былі больш урэгуляваныя ў заканадаўстве Беларусі, чым, напрыклад, Польшчы.Такая пэўнасць заканадаўства, дэталёвае замацаванне правоў суб’ектаў, падрабязнае рэгуляванне маёмасных дачыненняў сведчаць пра высокі ровень развіцця інстытутй сямейнага права ў Беларусі.
4. Апека як інстытут аховы сямейных інтарэсаў.
Інстытут апекі паводле Статутаў Вялікага княства Літоўскага павінны быў абараняць правы непаўналетніх дзяцей і ахоўваць інтарэсы незамужніх жанчын, іншых асобаў у выпадку страты аднаго ці абодвух бацькоў, цяжкай хваробы, узнікнення цяжкасцяў у кіраванні маёнткамі з прычыны хваробы або ўзросту, страты даверу грамадства ў выніку пэўных учынкаў.
Апека як абарона інтарэсаў пэўных асобаў звязана са старадаўнімі ўяўленнямі пра тое, што валоданне правам і абарона яго вымагалі ад суб’екта здольнасці валодаць зброяй. Інстытут апекі, што ўзнік ў часы, калі былі моцныя родавыя сувязі, меў на ўвазе найперш абарону правоў і інтарэсаў асобы роднымі, якія клапаціліся, каб яе маёмасць не была растрачаная або раскрадзеная. Гэты клопат выяўляў інтарэсы найбліжэйшых спадчыннікаў, і ўскладаўся ён на блізкіх па парадку агнацкай роднасці, таму натуральным апекуном быў найбліжэйшы агнат. 3 часам апека распаўсюдзілася не толькі на маёмасць, але і на асобу апекаванага. І калі раней апякунства разглядалася як права, дык пазней яно ператварылася ў абавязак. У канчатковым выніку апека як клопат пра асобаў, якія не могуць клапаціцца пра сябе, стала абавязкам дзяржавы.
Выкладзеная канцэпцыя апекі легла ў аснову гэтага інстытута ў Статутах нашай дзяржавы. Інстытут апекі дастатутавага перыяду істотна адрозніваўся ад апекі паводле Статутаў. Становішча ўдавы згодна з прывілеямі акрэслівалася шырокімі правамі па апецы ў выніку «сядзення на ўдовіным стальцы», але канкрэтна гэтыя правы не рэгламентаваліся. Жанчына па смерці мужа, які пакінуў пасля сябе дзяцей, апякала іх і кіравала ўсёй маёмасцю пажыццёва або да ўступлення ў новы шлюб. У апошнім выпадку сямейная маёмасць распада-лася, таму што ўдава была абавязаная пакінуць сабе вена, але аддаць нерухомаць першага мужа яго спадчыннікам — дзецям, а пры іх адсутнасці — мужавай радні. У інтарэсах земскай службы рабіліся выняткі. Сыны атрымлівалі спадчынныя маёнткі бацькі з сямейнай маёмасці незалежна ад становішча ўдавы — выйшла яна замуж ці не. У гэтых жа інтарэсах нярэдка зяцям перадаваліся маёнткі бацькі нявесты з абавязкам утрымліваць удаву пажыццёва або вылучаць ёй на пражыццё частку маёнтка.
Паводле Статута 1529 г. інстытут апекі ўяўляў сабою развіты, лагічна складзены кодэкс, што прыводзіць да думкі пра рэцэпцыю гэтга інстытута. 3 гледзішча аўтара, такое меркаванне дапушчальнае, у сувязі з чым мэтазгодна разгледзець магчымыя крыніцы.
У рымскім праве існавалі два аналагічныя паняцці — апека і апякунства. Яны вызначаліся 1) над непаўналетнімі, нямымі, глухімі; 2) над тымі, хто не мог кіраваць справамі па стане здароўя або з прычыны марнатраўства[129]. Але апекунамі не маглі быць псіхічна хворыя, нямыя, глухія, не здольныя забяспечыць захаванасць маёмасці, а таксама, паводле агульнага правіла, жанчыны з пэўным выняткам. Рымскае права адрознівала апеку паводле закону і апеку паводле тэстамента. Апекунамі па законе былі родзічы па бацьку, пераважна мужчыны. Рымскі інстытут апекі аддаваў перавагу мужчынам, але не адхіляў жанчын поўнасцю. Апека паводле закону не пераходзіла па спадчыне. Пры апецы па тэстаменце апекунамі маглі быць прызначаныя як мужчыны, так і жанчыны, алё абмяжоўвалася права маці на апеку.
У рымскім інстытуце апекі дэталёва распрацаваны парадак прызначэння апекуноў, падрабязна вызначаны абавязкі і правы апекуна, яго адказнасць за апекаванага і яго маёмасць. Спыненне апекі звязвалася з дасягненнем апекаваным паўналецця.
3 параўнання Статутаў Вялікага княства і рымскага права можна зрабіць выснову, што палажэнні інстытута апекі ў Статутах і рымскім праве шмат у чым супадалі. Гэта датычыць перадусім сістэмы выкладання матэрыялу, канструкцыі нормаў, але дачыненні па апецы ў рымскім праве больш урэгуляваныя, асабліва наконт абавязкаў і адказнасці апекуна. Таму можна меркаваць, што ў дадзеным аспекце гэтае права магло быць скарыстанае як крыніца пры складанні Статутаў 1529, 1566 і 1588 гг.
Другая магчымая крыніца інстытута апекі — нямецкае магдэбургскае права. Зварот да «Люстра саксаў» дазваляе зрабіць выснову, што яно размяжоўвала апеку над непаўналетнім і апеку над жанчынай[130]. Але болей аналогій не выяўлена.
Польскае права XIV і XV стст. размяжоўвала апеку над непаўналетнімі і апеку над паўналетнімі, але незамужнімі дзяўчатамі. Вісліцкі Статут Казіміра III (1347 г.) рэгуляваў у некалькіх нормах дачыненні па апецы. Згодна з імі апека над непаўналетнімі спынялася пры дасягненні імі паўналецця, маёмасць апекаваных не магла быць прададзена апекуном (нават бацькам), нельга было змяніць і яе межы.
Статут Ягайлы 1420—1423 гг. удакладняў дачыненні па апецы вызначаўся ўзрост паўналецця, несапраўднай прызнавалася ўмова паміж апекуном і мужам апекаванай пра замену ў яе пасагу маёмасці на рухомую, бо права распараджэння маёмасцю належала ўласніку — жонцы (па сутнасці гэта апякунства, а не апека над жанчынай); разглядалася проціпраўнасць адмовы апекуна аддаваць апекаваную замуж, калі матывам гэтага было жаданне карыс-тацца яе маёнткам; адзначалася права апекаванай выйсці замуж без згоды апекуна, але са згоды сваіх блізкіх («прыражоных»).
Такім чынам, Вісліцкі Статут і Статут Ягайлы змяшчалі прававыя нормы па апецы, якія знайшлі сваё адлюстраванне і развіццё ў Статутах Вялікага княства.
Інстытут апекі паводле Статутаў уяўляў сабой апеку па законе, па тэстаменце, па прызначэнні дзяржаўнай улады[131].
Апека па законе (па праве нраджэння ёсць найстарадаўнейшым відам апекі). Аналіз Статутаў Вялікага княства сведчыць, што ў першым Статуце апека паводле тэстамента толькі прызнавалася, у другім ёй аддавалася перавага, а ў трэцім Статуце гэты від апекі прызнаваўся прыярытэтным. Але і тады, калі апека не прызначана бацькам у тэстаменце, яна наставала паводле закону. Калі не было бацькоў, апекуном згодна з законам станавіўся старэйшы брат, кроўныя (муж-чыны) па лініі бацькі, пры іх адсутнасці — радня (мужчыны) па лініі маці, калі і такіх не было, то родныя (жанчыны) па лініі бацькі, а затым — па лініі маці[132]. Пры гэтым ад апекуноў-жанчын патрабаваліся дадатковыя гарантыі іх матэрыяльнага дабрабыту замужжа, добрапрыстойнасць, матэрыяльная забяспечанасць і згода мужа[133].
Пры адсутнасці блізкіх, здольных узяць апеку, земскі суд прызначаў апекуна. Апекуны павінны былі адпавядаць наступным патрабаванням быць добра забяспечаныя нерухомай маёмасцю ў тым жа павеце, «людзі добрыя, набожныя, няўтратныя»[134].
Апецы падлягалі як асобы, так і іх маёмасць. Апякун мусіў захоўваць маёмасць апекаваных, апрача таго, клапаціцца пра выхаванне і навучанне дзяцей. На гэтыя мэты выдаткоўвалася 9/10 гадавога даходу ад маёмасці, а дзесятая частка яго ішла на ўзнагароджанне апекуну (у рымскім праве не існавала апякунскага ўзнагароджання). Не мелі права на ўзнагароджанне толькі бацька-апякун і маці-апякунка[135]. Апякун павінны быў клапаціцца пра будучае дзяўчыны, даючы згоду на шлюб. Без згоды апекуна (як і бацькоў) дзяўчына не магла выйсці замуж пад пагрозай страты ўсёй спадчыннай маёмасці[136].
Захаванасць апекаванай маёмасці гарантавала сістэма спецыяльных працэдур (парадак афармлення апякунства, падрабязны вопіс маёмасці, яе ацэнка, парадак справаздачнасці па апецы). Акрамя таго, прадугледжваліся кантроль ажыццяўлення апекі і права земскага суда замяніць апекуна. Земскі суд мог у кожны момант заклікаць апекуна да справаздачнасці ў выпадку сумневу ў яго добрасумленнасці. Калі выяўлялася, што апякун несумленны або недастаткова ўмела распараджаецца маёмасцю, суд мог змяніць яго і прызначыць другога апе-куна, нават калі папярэдні быў прызначаны паводле тэстамента[137].
Гарантыяй захаванасці маёмасці апекаванага было таксама абмежаванне апекуна ў праве распараджэння ёю. Апякун мог толькі набываць маёмасць, але не траціць яе, таму ён не валодаў правам адчужаць або пакідаць яе[138]. Шкода, прычыненая апекуном пры няправільным уступленні ў апеку, спаганялася з ягонай маёмасці[139].
Ахова правоў апекаванага ажыццяўлялася таксама правам не адказваць па спозысках, акрамя абумоўленых у законе выпадкаў[140], што аналагічна трактоўцы Вісліцкага Статута[141], але ў пашыраным выглядзе.
3 часам, ад першага Статута да трэцяга, правы ўдавы па інстытуце апекі мяняліся. У выніку Статут 1588 г. увасабляў падобны да рымскага падыход да жанчын-апякунак — практычнае іх адхіленне ад апекі.
Інстытут апекі паводле Статута 1529 г. замацоўваў наступнае палажэнне удава можа быць апякункай над дзецьмі па смерці мужа, калі муж не прызначыў у тэстаменце апекуна. Калі не было абодвух бацькоў, то пакліканне да апякунства нагадвала пакліканне да спадкавання. Статут 1529 г. прызнаваў прыярытэт апякунства бацькі ў выпадку смерці маці; калі ж паміраў бацька, то апякункай была маці, з выняткам спецыяльнага прызначэння апекуна памерлым .
У Статуце 1566 г. дачыненні па апецы яшчэ больш дэталізаваныя. Так, апекуноў мусіў прызначаць бацька ў тэстаменце. У адваротным выпадку ім станавіўся старэйшы паўналетні сын. Калі такога не было, дык да апякунства паклікалася радня — мужчыны па лініі бацькі і па лініі маці, а пры іх адсутнасці — жанчыны. У выпадку адсутнасці блізкіх і сваякоў апекуны прызначаліся дзяржаўнай уладай, службовымі асобамі[142].
Калі па Статуце 1529 г. маці дзяцей магла быць апякункай ва ўсіх выпадках адсутнасці спецыяльна прызначанага бацькам апекуна, дык па Статуце 1566 г. маці дзяцей магла стаць апякункай толькі паводле тэстамента. Пры гэтым яшчэ пералічваўся шэраг неабходных умоваў маці дзяцей павінна была мець аселасць, нерухомую маёмасць і вя-ноўную маёмасць, а таксама рукаемства.
У Статуце 1566 г. назіралася значная розніца ў падыходах да наступстваў няўдалага апякунства бацькі і маці. Так, калі апякунка растрачвала апекаваныя маёнткі, яна магла быць прыцягнутая да суда, акрамя таго, мусіла выплаціць усе страты з вена або ўласных маёнткаў. У выпадку яе няздольнасці ажыццявіць гэтыя выплаты яны рабіліся за кошт маёмасці рукаемніка [143]. Бацька валодаў шырэйшымі правамі. Напрыклад, калі пасля маці-ня-божчыцы засталася нерухомая маёмасць, дык бацька быў апекуном над дзецьмі і маёмасцю. Кіраванне бацькі не патрабавала справаздачнасці. Нягледзячы на тое што бацька не меў права адчужаць апекаваную маёмасць, у выпадку яе страты дзеці мелі права спозыску не да бацькі, а да асобы, у чыім валоданні на гэты момант знаходзілася маёмасць. Калі бацька страціў маёмасць аднаго з сыноў, дык пры падзеле спадчыны па смерці бацькі сыны павінны былі размеркаваць страту пароўну, а затым дзяліць бацькоўскую спадчыну[144].
Статут 1588 г. значна змяніў інстытут апекі. Маці магла быць апякункай сваіх дзяцей і маёнткаў памерлага мужа толькі ў выпадку, калі муж прызначыў ёй апеку ў сваім тэстаменце[145]. Іншых акалічнасцяў закон не прадугледжваў. Калі бацька не прызначыў апекуна, апека ўскладалася на радню, а не на маці. Малалетнія дзеці заставаліся з маці, а на іх утрыманне апякун выдаваў пэўную суму. Сыны заставаліся пад апекай да сямігадовага ўзросту, а дочкі — да замужжа. Пры гэтым маці павінна была паведамляць апекуну пра замужжа дачкі і раіцца з ім[146]. У выпадку, калі ўдава-апякунка (па тэстаменце) прычыняла страты апекаваным маёнткам, апека яе спынялася, а апекунамі станавілася радня па лініі мужа, а пры іх адсутнасці — па лініі жонкі. Удава ў такім разе заставалася толькі на сваім вене, а калі яго не было — на роўнай частцы з дзецьмі. Апрача таго, удава мусіла выплаціць страты дзецям з свайго вена. Адхіленне ад апекі і прызначэнне новага апекуна рабіў мясцовы суд.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што правы жанчыны па апецы на працягу XVI ст. у нашай краіне звузіліся. Гэты працэс, верагодна, звязаны з развіццём гандлёвых сувязяў, рынкаў, новай сістэмы гаспадарання (увядзеннем «Уставы на валокі»), ускладненнем вядзення гаспадаркі.
Зроблены аналіз дазваляе казаць пра даволі грунтоўную распрацаванасць інстытута апекі ва ўсіх трох Статутах Вялікага княства. Навуковая апрацоўка права дастатутавага перыяду, запаўненне прагалаў, схема размяшчэння нормаў, іх канструкцыя сведчаць пра высокі узровень прававой культуры статутавай камісіі, магчымы ўплыў і рэцэпцыю права іншых прававых сістэм, пра развітую правасвядомасць грамадства і клопат дзяржавы аб суб’ектыўных правах асобаў.
5. Асаблівасці юрысдыкцыі па шлюбна-сямейных правах.
Шлюбна-сямейныя дачыненні былі аб’ектам царкоўнай і свецкай юрысдыкцыі. Падзел паўнамоцтваў праходзіў па мяжы шлюбна-асабістых і сямейна-маёмасных інтарэсаў.
Па традыцыі хрысціянскіх дзяржаваў пад юрысдыкцыю царквы былі аддадзеныя пэўныя інстытуті правадачыненняў. Царкоўная юрысдыкцыя дзялілася на тры катэгорыі 1) вузкая юрысдыкцыя над усім хрысціянскім насельніцтвам па вызначанай сферы справаў — звычайна па справах рэлігіі і маралі, шлюбу і сям’і; 2) поўная юрысдыкцыя па ўсіх справах над духоўнымі асобамі (клірам) і асобамі, якія належалі да царквы (работнікамі, службоўцамі, пілігрымамі і г.д.); 3) шырокая юрысдыкцыя па ўсіх справах над усім насельніцт-вам, якое пражывала на царкоўных землях.
Царкоўнымі судовымі органамі былі вышэйшыя адміністрацыйныя асобы ў царкве, найперш епіскапы, якія з XIII ст. мелі памочнікаў па судовых справах. Да кампетэнцыі судовай адміністрацыі належалі справы па спрэчках аб сапраўднасці шлюбу, злачынствах супраць шлюбу, скасаванні шлюбу і г.д.
Усе справы, звязаныя з маёмаснымі дачыненнямі, якія вынікалі з шлюбна-сямейных стасункаў, перадаваліся на разгляд свецкіх судоў у залежнасці ад стану бакоў гродскім судам — справы ўсіх станаў, земскім судам — шляхты, магістрацкім судам — месцічаў гарадоў на магдэбургскім праве, а таксама падкаморскаму, камісарскаму су-дам і Галоўнаму Літоўскаму Трыбуналу. Статут 1588 г. зацвердзіў гэты прынцып падзелу юрысдыкцыі. Адпаведна Статуту 1588 г. насельніцтва, якое належала да земляў царквы, па ўсіх справах, у тым ліку цывільных і крымінальных, падлягала царкоўнаму суду. Свецкія справы, якія датычылі свецкіх асобаў або нерухомай маёмасці, духоўны суд разглядаў паводле свецкага права[147].
Тым часам на практыцы духоўныя асобы часта прысутнічалі ў свецкіх судах, калі закраналіся інтарэсы царквы або прыналежных да яе людзей, а таксама на запрашэнне свецкіх суддзяў у складаных справах, бо сярод духоўных асобаў былі добра адукаваныя юрысты (кананісты). Але прысутнасць духоўных асобаў не задавальняла шляхту, якая на соймах патрабавала ад вялікага князя, «абы духоўныя ў судах земскіх і свецкіх не сядзелі»[148]. Дзяржаўная ўлада выступала арбітрам паміж свецкімі і духоўнымі феадаламі і строга трымалася прынятых законаў аб юрысдыкцыі царквы. Вялікі князь пацвярджаў, што «духоўныя па рэчах свецкіх не маюць вас права духоўнага пазываці»[149].
Пра тое, што духоўны суд судзіў за справы свецкія па свецкім праве, сведчыць, напрыклад, Устава Віленскага сойма 1551 г., згодна з якой падуладныя царкоўных феадалаў у гарадах на магдэбургскім праве па крымінальных справах павінны былі судзіцца судом царкоў-ным, але паводле права места[150].
У той жа час нават па справах аб скасаванні шлюбу вышэйшы аўтарытэт належаў гаспадарскай уладзе. Гэта пацвярджае практыка, у прыватнасці зварот да гаспадара са скаргай аб непраўдзівым скасаванні шлюбу архіепіскапам полацкім, віцебскім і амсціслаўскім Сімяонам. Гаспадар як найвышэйшы суддзя ў сваім афіцыйным лісце за 9 снежня 1545 г. даручыў мітрапаліту кіеўскаму Макарыю пераглядзець справу пра скасаванне шлюбу[151].
Такім чынам, царкоўная юрысдыкцыя зацвярджалася свецкім за-канадаўствам і ахоўвалася найвышэйшай дзяржаўнай уладай, якая заставалася апошняй судовай інстанцыяй для ўсіх людзей паспалітых па ўсіх справах.
ЗАКЛЮЧЭННЕ.
На развіццё інстытутаў шлюбна-сямейнага права ў Беларусі ў XVI ст. зрабілі ўплыў як нутраныя заканамернасці эвалюцыі сістэмы права, так і новыя ідэалагічныя, эканамічныя, палітычныя з’явы, што апісаныя як феномен эпохі Рэнесансу.
Перыяд фармавання юрыспрудэнцыі ў Беларусі вызначаецца гу-маністычным кірункам, у якім захоўваецца схаластычны метад і фарміруецца новы — сістэматычны. Пэўныя моманты сінтэзу названых метадаў адлюстраваліся на сістэме Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, нягледзячы на тое што многія даследнікі характарызуюць яе як рымскую. Крыніцамі права гэтага перыяду былі дактрына, прынцыпы, закон, звычай. Прыярытэт дактрынальных крыніцаў у дадзены перыяд змяняўся прыярытэтам заканадаўчых, з чым і былі звязаны актыўныя кадыфікацыйныя працэсы.
Асновай новага стаўлення да сацыяльных і тэалагічных праблем шлюбу стаўся гуманізм як сістэма поглядаў з яго антрапацэнтрысцкай накіраванасцю. Свецкі характар гуманізму вызначыў трактоўку шлюбна-сямейных праблем з рацыяналістычнага гледзішча, разгляд іх у шчыльнай сувязі з праблемамі ўдасканалення чалавечага грамадства, самога чалавека.
Ідэалагічнае ўздзеянне гуманістычнай і рэфармацыйнай плыняў на светапогляд грамадства падало шлюбна-сямейныя дачыненні ў іншым аспекце. У адрозненне ад сярэднявечных тэалагічных прыярытэтаў бясшлюбнасці, аскетызму сям’я трактавалася як найважнейшы грамадскі інстытут. Ф. Скарына, М. Літвін, А. Валян ды іншыя, разглядаючы праблемы шлюбу і сям’і, падкрэслівалі сацыяльную значнасць сям’і як асноўнага элемента грамадства, узаемасувязь трываласці сям’і і стабільнасці дзяржавы. Гэта пацвярджаюць і працы А. Алізароўскага, П. Раізія, а таксама трактоўка праблем шлюбу ў «Катэхізісе» С. Буднага.
Такім чынам, у XVI ст. у Беларусі развіваюцца новыя погляды і канцэпцыі, якія вызначалі праблемы прававога рэгулявання сямейных дачыненняў, што стварыла ідэалагічны і тэарэтычны падмурак развіцця інстытутаў сямейнага права.
Новае прававое мысленне сталася падставай кадыфікацыі права, якая адбывалася на фоне партыкулярызму прававой сістэмы і ўвасобілася ў трох Статутах — 1529, 1566, 1588 гг.
У сувязі са своеасаблівасцю працэсу прававога развіцця ў гэтую эпоху асноўныя заканамернасці фарміравання прававых інстытутаў шлюбу і сям’і разгледжаны ў двух аспектах нутраной дынамікі развіцця і вонкавага ўплыву. Пры гэтым даследваны працэсы развіцця шлюбна-сямейнага права ў перыяд прывілеяў, якія вызначалі фарміраванне маёмасных інстытутаў на аснове развіцця інстытутаў ўласнасці (спадкаванне, пасаг, вена); інстытуты асабістых шлюбна-сямейных дачыненняў знайшлі адлюстраванне ў прывілеях у выглядзе некалькіх нормаў-прынцыпаў.
Далейшае развіццё інстытутаў шлюбна-сямейнага права княства адбывалася ў форме Статутаў, ровень юрыдычнай тэхнікі якіх дазволіў вылучыць асноватворныя нормы шлюбна-сямейнага права ў асобны раздзел.
Зыходзячы з партыкулярнасці прававой сістэмы Вялікага княства ў XVI ст., пры даследванні працэсаў фарміравання і развіцця шлюбна-сямейнага права прааналізаваны асноўныя крыніцы права, што ўжываліся ў той час. На падставе праведзенага аналізу да ліку субсідыярных дактрынальных і заканадаўчых крыніц права Беларусі даследванага перыяду аднесены рымскае, царкоўнае, магдэбургскае права.
Аднак актыўны кадыфікацыйны працэс, які адбываўся на фоне партыкулярызму прававой сістэмы, меў на ўвазе пэўныя з’явы рэцэпцыі, што можна выразна прасачыць на інстытутах шлюбна-сямейнага права ў Статуце 1588 г. (запазычанне нормаў кананічнага шлюбнага права, уплыў рымскага і магдэбургскага права). Такая эвалюцыя ўяўлялася заканамернай, яна ўласцівая не толькі прававой сістэме нашага гаспадарства, але і іншым еўрапейскім сістэмам XIV—XVI стст.
3 аналізу крыніц шлюбна-сямейнага права можна зрабіць выснову, што падставай фарміравання і развіцця прававых інстытутаў былі прывілеі XV ст. і ўхвалы соймаў XVI ст. Разам з тым у прававой сістэме гэтага перыяду важнае месца належала кананічнаму (царкоўнаму), магдэбургскаму, рымскаму, звычаёваму праву, якія спрыялі працэсу праваўтварэння. Кадыфікацыя шлюбна-сямейнага права ў Беларусі ў XVI ст. суправаджалася складанымі працэсамі ўплыву названых крыніц права, але вызначальнай была нутраная заканамернасць развіцця інстытутаў шлюбна-сямейнага права ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг.
Разглядаючы формы шлюбу ў Беларусі XVI ст., неабходна адзначыць пераемнасць старадаўных традыцый, што захаваліся ў абрадавай форме, паганскіх звычаях. Інстытут шлюбу, як асноўны інстытут грамадства, шчыльна звязаны з гістарычным мінулым народа. Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам адбывалася ва ўзаемасувязі з народнымі абрадавымі традыцыямі і звычаямі. Пры гэтым асноўная частка грамадства, як вынікае з актавага матэрыялу судоў і магістратаў, у дачыненні да шлюбу аддавала перавагу нормам звычаёвага права, над якім законы царквы не мелі яўнага прыярытэту.
Рэгуляванне шлюбных дачыненняў звычаёвым, кананічным і свецкім правам мела агульную тэндэнцыю да рэгламентацыі ўсіх стадый гэтых дачыненняў, імкнення ажыццявіць іх у законнай форме. Дзяржава ў асобе найвышэйшага заканадаўцы актыўна падтрымлівала працэс хрысціянізацыі шлюбных дачыненняў, пра што сведчыць запазычанне Статутамі, перадусім трэцім, нормаў кананічнага права. Тым часам судовыя органы, службовыя асобы, як вынікае з актаў, не былі паслядоўнымі выканаўцамі гэтых ідэй. Узнікла сітуацыя, калі афі-цыйны прыярытэт належаў царкоўнаму праву, але на практыцы шырока ўжывалася звычаёвае права, рэгулюючы значную частку шлюбных дачыненняў.
У дадзеным выпадку звычаёвае права, паводле афіцыйнага погляду, ёсць субсідыярнай крыніцай права, але выкарыстоўвалася яно не тады, калі кананічнае (царкоўнае) права мела прагалы, а тады, калі яно супярэчыла традыцыйнаму светапогляду. Даследванне шлюбна-сямейнага заканадаўства дазваляе зрабіць выснову шлюбныя дачыненні — аснова стасункаў па роднасці і сваяцтве, на юрыдычным значэнні якіх засноўваліся нормы земскага, царкоўнага, магдэбург-скага права, што рэгулявалі шлюбна-сямейныя асабістыя і маёмасныя дачыненні.
Шлюбна-сямейныя дачыненні на аснове інстытутаў роднасці і сваяцтва аб’ядноўвалі мноства інстытутаў прыватнага права пасагу, вена, спадкаемства, апекі ды інш.
Адной з галоўных інстытутаў матэрыяльнага забеспячэння сям’і ёсць інстытут пасагу. Як вынікае з актавага матэрыялу, ён фарміраваўся ў прывілейны перыяд, а канчатковае завяршэнне атрымала ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг. Прычым дадзены інстытут змяшчае менш запазычанняў з замежных сістэмаў права параўнальна з іншымі інстытутамі.
Названы інстытут адлюстраваў агульную тэндэнцыю прыватнага права да індывідуалізацыі правадачыненняў і фармальнай роўнасці ўсіх перад законам, імкненне да ўраўнавання ў маёмасных правах сямейнікаў. Акрамя таго, магчымасць атрымання ў пасаг чвэрці ляжачай маёмасці вызначала тэндэнцыю да яе спадкавання і асабістай незалежнасці жанчыны. Інстытут спадкаемства знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з сямейным правам з прычыны залежнасці кола спадкаемцаў ад ступені звязанасці з сям’ёй і прыналежнай ёй маёмасцю.
3 аналізу інстытута спадкаемства ў прывілейны перыяд можна зрабіць выснову, што ён развіваўся, як і іншыя інстытуты матэрыяльнага забеспячэння, у выглядзе ільгот шляхце, скіраваных на пашырэнне яе правоў і свабод. Шчыльная ўзаемасувязь інстытутаў шлюбу і спадкаемства засноўвалася на праве спадчыны паводле закону асобы, якая валодала пэўнай праваздольнасцю па праве роднасці і паходжання на падставе законнага шлюбу.
Аналізуючы развіццё інстытута спадкаемства па Статутах, неабходна адзначыць тэндэнцыю да ўраўнавання правоў на спадкаванне дзяцей абодвух полаў, што выявілася ў магчымасці дачок атрымаць у спадчыну частку ляжачай маёмасці, а таксама ў выкарыстанні бацькамі такой формы дамовы, як «запіс» у ролі юрыдычнай фікцыі, пад якой разумелася прававое афармленне розных дамоваў падаравання, тэстамента пад умовай і г.д.
Статут 1588 г. упершыню замацаваў парадак спадкавання маёмасці, нажытай бацькамі супольна дзеці ў выпадку смерці аднаго з бацькоў атрымлівалі ў спадчыну 2/3 яе, а траціну — удава (удавец). Гэтая норма ўжо не прадугледжвала перавагі сыноў пры спадкаванні паводле закону. Можна меркаваць пра яе запазычанне з магдэбургскага права.
Такім чынам, інстытут спадкаемства развіваўся на аснове прывілеяў і Статутаў. Нязначна паўплывалі на яе, магчыма, нормы магдэбургскага права.
Інстытут апекі паводле Статутаў меў два аспекты абарона правоў непаўналетніх дзяцей і ахова інтарэсаў незамужніх жанчын. Апека пры гэтым разумелася як абарона правоў і інтарэсаў асобаў, якія мелі патрэбу ў ёй з розных прычынаў страта аднаго або абодвух бацькоў, цяжар вядзення справаў па кіраванні маёмасцю. У канчатковым выніку апека ўяўляла сабою клопат дзяржавы пра асобаў, не здольных паклапаціцца пра сябе. Таму гэты інстытут кантраляваўся дзяржаўнай уладай асабліва пільна. Адрознівалася апека паводле закону, тэстамента, па прызначэнні дзяржавы.
3 аналізу інстытута апекі ў перыяд прывілеяў і Статутаў можна зрабіць выснову, што правы ўдоваў па апецы паступова звужаліся. Прычынай гэтага быў, відаць, інтэнсіўны эканамічны працэс, што патрабаваў актыўных гандлёвых і гаспадарчых аперацый, а таксама ўплыў такіх крыніц права, як рымскае і магдэбургскае.
Разгляд генезісу і развіцця інстытутаў шлюбна-сямейнага права з улікам названых асаблівасцяў дае падставу сцвярджаць, што фарміраванне і эвалюцыя яго асноўных маёмасных інстытутаў, такіх, як пасагу, вена, спадкаемства (паводле закону), адбыліся ў прывілейны перыяд. Першы Статут атрымаў практычна гатовыя формы, якія ў наступных Статутах былі дапрацаваныя, дэталізаваныя і размешчаныя адпаведна сістэме права. Такая з’ява дазваляе зрабіць выснову, што найважнейшыя маёмасныя шлюбна-сямейныя інстытуты фарміраваліся вакол інстытута ўласнасці.
Асабістыя шлюбна-сямейныя дачыненні пачалі рэгулявацца ў пазнейшы перыяд у асноўным у Статутах (шлюбныя стасункі паміж дзецьмі і бацькамі, пэўная частка дачыненняў па апецы). Пры аналізе развіцця інстытутаў шлюбна-сямейнага права неабходна адзначыць значэнне субсідыярных крыніц права ў працэсе кадыфікацыі, іх уплыў на сістэму права. Такім чынам, эвалюцыя інстытутаў сямейнага права Беларусі XVI ст. адлюстравала асноўныя заканамернасці працэсу фарміравання прававой сістэмы дзяржавы.

[1] (Павлов, 1902, с. 30—123; Владимирский-Буданов, 1889—1890, с. 38—57)

[2] (Довнар-Запольский, 1901, с. 25; Никольский, 1956, с. 16—20)

[3] (Никольский, 1956, с. 16)

[4] (9, с. 19—29)

[5] (9, с. 19—29, 41)

[6] (9, с. 47)

[7] (9, с. 95)

[8] (9, с. 95)

[9] (Никольский, 1956, с. 225).

[10] (Никольский, 1956, с. 53, 141)

[11] (Никольский, 1956, с. 58)

[12] (р. 5, п. 26— 30)

[13] (20, кн. 23—26, с. 370)

[14] (Суворов, 1887, с. 19—20)

[15] (20, кн. 23—26, с. 370)

[16] (26, с. 30, № 13)

[17] (Статут 1588, р. V, арт. 22)

[18] 15, № 166, с. 190—191

[19]арт. 97

[20]арт. 16

[21]арт. 19

[22]арт. 2

[23] арт. 29

[24] арт. 9, 10,18

[25] арт. 35

[26] арт. 19, 51

[27] арт. 40

[28] арт. 40

[29] 21, с. 51—71, 125

[30] (р. III, арт. 31)

[31] (р. IV, арт. 14)

[32] (р. I, арт. 13)

[33] (р. VIII, арт. 9)

[34] (р. IV, арт. 11, 12; р. V, арт. 7, 8, 9, 31)

[35] (9, с. 5)

[36] (9, с. 8,11, 77—78)

[37] (р. III, арт. 38)

[38] (р. V, арт. 22)

[39] (р. V, арт. 22)

[40] (р. V, арт. 22)

[41] (р. V, арт. 8, 9)

[42] (р. V, арт. 9)

[43] (р. I, арт. 18)

[44] (р. III, арт. 38)

[45] (р. VI, арт. 1)

[46] (Статут 1588, р. V, арт. 20)

[47] (9, с. 95, 211)

[48] (9, с. 102)

[49] (9, с. 34)

[50] (р. III, арт. 12)

[51] (р. III, арт. 8; р. XI, арт. 27.)

[52] (Статут 1529, р. III, арт. 11, 12; Статут 1588, р. III, арт. 19)

[53] (40, 5. 294—297, сап. 1118—1127)

[54] (25, 44, с. 52)

[55] (Загоровский, 1884, с. 95—96)

[56] (Статут 1588, р. II, арт. 5)

[57] (46, р. II; 2, арт. 71 адг.)

[58] (11, с. 473—474; 13, с. 191, 211)

[59] (Кормчая, 44, р. II, арк. 42 адг.)

[60] (6, с. 316—317)

[61] (12, с. 193)

[62] (39, с. 192)

[63] (р. V, арт. 22)

[64] (5, с. 358)

[65] (16, с. 227—230)

[66] (37, р. V, арт. 20, 22)

[67] (37, р. XIV, арт. 29, 30)

[68] (25, 44, 4, II, арк. 42 адв.)

[69] (37, р. V, арт. 20)

[70] (Загоровский, 1884, с. 237)

[71] (5, с. 234)

[72] (Спасовмч, 1857, с. 168)

[73] (15, с. 73— 74, № 61; с. 80, № 67; с. 144—146, № 120; с. 223—226, № 189)

[74] (15, с. 17)

[75] (26, с. 165—166, № 223)

[76] (Статут 1529, р. IV, арт. 7)

[77] (2, с. 207—216, № 91)

[78] (35, р. IV, арт. 8)

[79] (р. V, арт. 1, 2)

[80] (р. V, арт. 1, 4)

[81] (р. V, арт. 2)

[82] (р. V, арт. 3)

[83] (р. V, арт. 8)

[84] (р. V, арт. 17)

[85] (р. V, арт. 2)

[86] (р. V, арт. 3)

[87] (р. V, арт. 3)

[88] (р. V, арт. 4)

[89] (р.’У, арт. 19)

[90] (37, р. V, арт. 20)

[91] (р. IV, арт. 10)

[92] (р. V, арт. 7, 8)

[93] (15, с. 223, № 189)

[94] (р. III, арт. 9; р. IV, арт. 1—5)

[95] (р. IV, арт. 11)

[96] (р. IV, арт. 6)

[97] (р. IV, арт. 6)

[98] (р. V, арт. 21)

[99] (р. V, арт. 11)

[100] (р. IV, арт. 8)

[101] (р. IV, арт. 5)

[102] (р. IV, арт. 5)

[103] (р. V, арт. 9)

[104] (р. III, арт. 11)

[105] (р. V, арт. 2)

[106] (р. IV, арт. 1, 3—5, 8)

[107] (р. V, арт. 1)

[108] (р. V, арт. 1)

[109] (р. V, арт. 1)

[110] (р. V, арт. 16)

[111] (р. V, арт. 2)

[112] (р. V, арт. 20)

[113] (р. V, арт. 22)

[114] (Статут 1588, р. III, арт. 20)

[115] (Статут 1529, р. II, арт. 12)

[116] (26, с. 30, № 13)

[117] (35, р. III, арт. 12)

[118] (р. V, арт. 8)

[119] (р. I, арт. 15—17)

[120] (р. I, арт. 17)

[121] (р. I, арт. 18)

[122] (р. I, арт. 18)

[123] (р. V, арт. 12, 15)

[124] (р. VII, арт. 15)

[125] (р. III, арт. 14; р. V, арт. 13, 14)

[126] (р. III, арт. 23)

[127] (р. III, арт. 13, 14)

[128] (р. V, арт. 21)

[129] (20, кн. 26, тыт. I, § 1; тыт. V, § 8)

[130] (33, ч. I, арт. 41, 42, § 1, 2, арт. 43, 45, § 1, 2, арт. 46, 47, § 1, 2; ч. II, арт. 63)

[131] (Статут 1588, р. V, арт. 11; р. VI, арт. 3, 15)

[132] (26, с. 86, № 109)

[133] (Статут 1588, р. VI, арт. 3)

[134] (р. V, арт. 11; р. VI, арт 3)

[135] (р. VI, арт. 2, 4)

[136] (р. V, арт. 8, 9)

[137] (р. VI, арт. 4,14)

[138] (р. VI, арт. 6, 21)

[139] (р. VI, арт. 4—6, 10—12)

[140] (р. VI, арт. 7, 8)

[141] (арт. 113, 115)

[142] (р. VI, арт. 3)

[143] (р. V, арт. 10)

[144] (р. VI, арт. 2)

[145] (р. V, арт. 1)

[146] (р. V, арт. 11)

[147] (р. III, арт. 32—33)

[148] (16, с. 11—12)

[149] (16, с. 12)

[150] (16, с. 25—28)

[151] (16, с. 1—2)

«